“Станем навасёламі і ты і я”. Мнагадзетныя сем’і атрымалі ключы ад новых кватэр

Юбілейны для Шчучынскага раёна 2020-ы год пачаўся з прыемных для горада і яго жыхароў падзей. Учарашні дзень – не выключэнне. Ён дабавіў эмацыянальных фарбаў у жыццё маладых гараджан і вяскоўцаў, якія вось-вось справяць наваселлі ў новым 60-кватэрным доме, узведзеным будаўнікамі МПМК-167 на вуліцы Заводскай у райцэнтры. У большасці сваёй гэта мнагадзетныя сем’і – такіх 44, так што сум пяціпавярхоўцы і мікрараёну не пагражае.


 Дырэктар ДП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Шчучынскага раёна” Аляксандр Міхайлавіч Малышка перад тым, як перадаць будучым гаспадарам ключы ад кватэр (усяго ў доме 10 трохпакаёвак і 50 двухпакаёвак), растлумачыў ім алгарытм дзеянняў па афармленні тэхпашпартоў і дагавораў са спецыялізаванымі службамі. Дарэчы, такое інфармацыйнае суправаджэнне будучых жыльцоў вялося, лічы, ад пачатку фарміравання спісаў і на працягу будаўніцтва дома. А цяпер ідзе актыўны дыялог і з будаўнікамі: яны выслухваюць людзей, рэагуюць на заўвагі і выпраўляюць хібы. “Усё зроблена ідэальна! – не шкадуе добрых слоў Юлія Лядзінская. – У нас была толькі заўвага па дзвярной ручцы “. “Мы ўжо месяцы з два ходзім сюды, цікавімся, як “расце” дом”, – дадае Таццяна Сцяблеўская.


У сем’ях Юліі і Таццяны падрастаюць па трое дзетак, у Наталлі Рымко і Яны Маісей – столькі ж. “І ў нас трое!” – з задавальненнем паведамляюць Вераніка і Павел Валошка. А вось у Алены Чумак ужо чацвёра, малодшаму з якіх паўтара года. Малога Сашку мама Лена і тата Пеця ўзялі з сабой на агледзіны ўласнай трохпакаёўкі. У такія ж “апартаменты” заселіцца і сям’я Ганны Тронінай, дзе таксама чацвёра прадаўжальнікаў роду. Будзе весела, калі юныя насельнікі дома выйдуць на дзіцячую пляцоўку, размешчаную перад вокнамі новабудоўлі. Памаладзее вуліца Заводская!


Усе, з кім давялося размаўляць, запэўнівалі: сваё жыллё – гэта мара, якая нарэшце спраўдзіцца. Хто пераедзе ў новы дом ад бацькоў, хто з інтэрнацкага пакоя, а хто і са здымнай кватэры… Для маладых, асабліва мнагадзетных сем’яў, важна і тое, што ўласныя “метры” яны пабудавалі з дапамогай дзяржавы.
А потым, атрымаўшы ключы, мамы і таты (хаця больш было ўсё ж жанчын, бо мужчыны на рабоце. – Заўвага аўтара) падняліся кожны ў сваю кватэру. Паглядзець, як усё выглядае, захацелася і аўтару гэтых радкоў. Убачанае спадабалася. Унутры светла і цёпла: заходзь і жыві! Шырокія лесвічныя пляцоўкі, прасторныя прыхожыя, на сценах – шпалеры прыемных для вока колераў, на падлозе – ламінат… Трэба было бачыць, з якім задавальненнем тупалі па ім трое дзетак Наталлі Мар’янскай! Што пахвальна – у кожнай кватэры на вокнах ёсць спецыяльныя замкі, каб у малых не было спакусы адчыніць іх насцеж.
Ёсць у новым доме і 10 арэндных кватэр: радасныя галасы будуць чутны і тут.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!