Дэпутат – свой сярод сваіх

Падыходзіць да завяршэння тэрмін работы дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 27-га склікання. Як папрацавалі народныя абраннікі ў сваіх акругах? Якія запыты людзей прынялі да ўвагі і дапамагалі вырашаць? На гэтыя пытанні мы папрасілі адказаць кіраўнікоў органаў улады пярвічнага ўзроўню. 


Генадзь Іванавіч ЦЫВІНСКІ, 
старшыня Жалудоцкага сельскага Савета дэпутатаў:

– На тэрыторыі нашага сельсавета 12 акруг, адпаведна столькі ж і дэпутатаў. Гэта чацвёра жанчын і восем мужчын. Усе народныя абраннікі або пражываюць на тэрыторыі сваіх акруг, або тут працуюць. Уласны аўтарытэт “узрасцілі” справамі, уважлівымі адносінамі да людзей. Канешне, нейкія глабальныя праблемы дэпутатам вырашаць не проста. У паўсядзённым жыцці іх выбаршчыкам-вяскоўцам часта патрэбна дапамога ў дробных бытавых пытаннях. Не гарыць ліхтар на вуліцы, нецвярозы сусед парушае спакой – і чалавеку нязручна, не камфортна. Ён і звяртаецца да дэпутата, маўляў, прымі меры, заступіся, праінфармуй адпаведныя службы... Калі знаходзіць водгук і рэагаванне, выказвае ўдзячнасць. Са свайго вопыту ведаю: і святло адной лямпачкі, вобразна кажучы, пранікае ў сэрца і надоўга застаецца ў памяці. 
Трэба сказаць, у нашым дэпутацкім корпусе падабраліся неабыякавыя, актыўныя і паважаныя людзі. З іх кагорты дырэктар філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Станіслаў Юльянавіч Гузень. І сёння людзі памятаюць, што масток, які злучае вёску Зара Камунізму і пасёлак Жалудок, па ўказанні кіраўніка “перакінулі” работнікі гэтага сельгаспрадпрыемства. Увогуле, С.Ю. Гузень зрабіў вельмі многа дзеля павышэння дабрабыту сваіх землякоў, навядзення парадку на роднай зямлі. Яшчэ адзін дэпутат – загадчык фермы “Вялікае Сяло” Андрэй Антонавіч Рудзь не раз “заступаўся” за возера ля Вялікага Сяла: маўляў, не павінна застацца безгаспадарным любімае месца адпачынку мясцовых жыхароў. Дарэчы, цяпер гэты водны аб’ект знаходзіцца ў арэндзе. А калега гэтых дастойных мужчын па грамадскай рабоце ўрач-стаматолаг Святлана Аляксандраўна Гарошка, да прыкладу, ніколі не пройдзе міма, заўважыўшы, што камунальнікі замарудзілі з абкошваннем дзіцячай пляцоўкі па вуліцы Лясной. Прызнацца, мы ў сельвыканкаме даўно выношваем планы рэалізаваць праект па абнаўленні месцаў для забаў і гульняў дзяцей на ўсёй тэрыторыі сельсавета.
Канешне, ініцыятыўны, незаспакоены дэпутат – удача для акругі. Між тым, па маім меркаванні, няправільна чакаць актыўнасці толькі ад гэтага чалавека. Выбаршчыкі самі павінны ісці на цесны кантакт з людзьмі, за якіх галасавалі: даваць наказы, падказваць моманты, на якія варта звярнуць увагу. Такія дыялогі, несумненна, будуць узаемна карысныя. 


Тамара Іванаўна ЗУБРЫЦКАЯ, 
старшыня Васілішкаўскага сельскага Савета дэпутатаў:

– Сельсавет наш – не акінуць вокам: у 91 населеным пункце пражывае звыш пяці тысяч чалавек. Без грамадскіх памочнікаў, у тым ліку і дэпутатаў, было б складана быць у курсе спраў, аператыўна вырашаць пытанні жыццядзейнасці насельніцтва. У складзе нашага дэпутацкага корпуса 15 паважаных, працавітых, аўтарытэтных людзей. Сярод народных абраннікаў ёсць спецыялісты сельскай гаспадаркі – і гэта самае шматлікае звяно, педагог, урач, загадчык крамы, супрацоўнік банкаўскай установы... Прафесійны і жыццёвы вопыт кожнага надзвычай запатрабаваны. У дэпутатаў падзеі мясцовага значэння як на далоні, бо яны ўмеюць слухаць і чуць людзей. Па дарозе ў дзіцячы садок, зайшоўшы ў магазін па прадукты ці ў аддзяленне банка, каб аплаціць паслугі, вяскоўцы дзеляцца сваімі назіраннямі, просяць парады. А народныя абраннікі ў сваю чаргу інфармуюць аб гэтых жыццёвых катаклізмах падчас сесіі сельскага Савета, і мы разам прымаем узважанае рашэнне, каб нашым землякам жылося камфортна, спакойна і бяспечна. 
Надзейная апора ў вырашэнні многіх пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва – дэпутаты з кіраўніцкімі паўнамоцтвамі. Запатрабаваны іх дзелавы падыход, кампетэнтнасць і ўладны патэнцыял. Хачу сказаць вялікі дзякуй за дапамогу дырэктару ААТ “Васілішкі” Уладзіміру Часлававічу Серахану, начальніку вытворчасці раслінаводчай прадукцыі Івану Феліксавічу Кімашэўскаму, начальнікам сельгасаддзяленняў Міхаілу Антонавічу Кучуру і Валерыю Іванавічу Трусілу, інжынеру па працаёмкіх працэсах Івану Віктаравічу Арашкевічу, начальніку МТК “Галавічполе” Валерыю Аркадзьевічу Шэршаню. Калі праблема датычыцца здароўя і сацыяльнай бяспекі адзінокіх жыхароў, заўжды знаходжу падтрымку і разуменне ў загадчыцы мясцовай участковай бальніцы Галіны Паўлаўны Запаснік. Усе пытанні, што датычаць работы з дзецьмі, камфортна вырашаць з дырэктарам школы Ларысай Андрыянаўнай Фяцісавай і кіраўніком цэнтра дашкольнага развіцця дзіцяці Ірэнай Іосіфаўнай Барысевіч. Энтузіязм, энергічнасць, высокія арганізатарскія здольнасці вызначаюць і дэпутата Ніну Пятроўну Ліпскую, якая ўзначальвае ветэранскую арганізацыю сельсавета. 
Жыццё сельсавета шматпланавае і насычанае. Цяпер, з наступленнем халадоў, вектар увагі дэпутатаў скіраваны ў бок адзінокіх, адзінока пражываючых грамадзян і інвалідаў. Вось і ў чарговы раз мы прайшліся па дамах і кватэрах гэтых людзей, не абышлі бокам і сем’і з непаўналетнімі дзецьмі. Праверылі, выслухалі, навучылі правілам паводзін... Упэўнена, такія ўвага і клопат не лішнія.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота носіць ілюстрацыйны характар.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!