Дастойныя дэпутатамі звацца
Дэпутат Шчучынскага сельскага Савета дэпутатаў па Буйвіцкай выбарчай акрузе Я.Г. Комар з тых народных абраннікаў, хто справай пацвярджае, што людзі не памыліліся, калі аказалі яму высокі давер быць сваім прадстаўніком у гэтым важным органе мясцовага самакіравання. Ян Генрыхавіч у курсе ўсіх сельсавецкіх спраў, пастаянна ўдзельнічае ў рабоце сесій і пасяджэннях сельвыканкама, дапамагае землякам у вырашэнні грамадскіх і асабістых жыццёвых пытанняў: забеспячэнні піламатэрыяламі і дрывамі, расчыстцы вуліц зімой і іншых. Гэты дэпутат – прадстаўнік бізнесу, і многія вяскоўцы атрымалі на яго прыватным прадпрыемстве работу.
І такіх людзей, дастойных дэпутатамі звацца, многа, падкрэсліў старшыня Шчучынскага сельскага Савета дэпутатаў С.Я. Возны, які трымаў справаздачу на чарговым пасяджэнні пастаяннай камісіі раённага Савета дэпутатаў па пытаннях сацыяльна-культурнай палітыкі, мясцовым кіраванні і самакіраванні. Па яго словах, рэальна рашаюць пытанні мясцовага значэння сацыяльна-культурнай накіраванасці дэпутаты, якія працуюць у ААТ “Шчучынаграпрадукт”: дырэктар Б.М. Куц, яго намеснік С.І. Астаповіч і загадчык участка В.А. Дзямідчык. У прыватнасці, гэта сельгаспрадпрыемства аказвае дапамогу ў пасадцы і апрацоўцы бульбы, зносе спарахнелых дамоў, абкошванні тэрыторыі ў населеных пунктах і абочын, выдзяляе транспарт для вывазу бытавога смецця і расчысткі дарог. З удзелам дэпутатаў-кіраўнікоў вырашаюцца і іншыя пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва.
– Усе нашы 11 дэпутатаў і 15 старастаў вёсак – гэта аўтарытэтныя людзі, якія заўжды падставяць плячо органу ўлады, каб зняць надзённыя турботы – добраўпарадкавання населеных пунктаў, рамонту дарог, гандлёвага абслугоўвання і іншыя, – адзначыў С.Я. Возны.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ю. Сакалоўскі, які прымаў удзел у пасяджэнні, акцэнтаваў увагу прысутных, што дзейнасць дэпутатаў – гэта дарога з двухбаковым рухам: важна ісці да людзей самім, аказваць садзейнічанне ў рэалізацыі законных просьбаў і прапаноў, а не чакаць зваротаў ад выбаршчыкаў. А старшыня Жалудоцкага сельскага Савета дэпутатаў Г.І. Цывінскі хацеў бы бачыць больш актыўнай пазіцыю насельніцтва пры кантактах з народнымі абраннікамі.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.