Пазіцыя дэпутатаў – ведаць патрэбы людзей

На календары -- пярэдадзень  прыгожых зімовых свят, таму і настрой у людзей адпаведны. Навагодняя тэма прагучала і падчас прыёму грамадзян у аграгарадку Першамайск, які правяла група народных абраннікаў – дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў па Астрынскай выбарчай акрузе №59 Юрый Мар'янавіч Аляксей, старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк, дэпутат Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў па Першамайскай выбарчай акрузе №13 Віталій Мікалаевіч Строгі. На месцы да калег далучылася старшыня Першамайскага сельскага Савета дэпутатаў Наталія Мікалаеўна Сідлярэвіч.

Эмацыянальны дыялог з дэпутатамі першай павяла Людміла Іванаўна Гудач. Ад імя жыхароў сельсавета яна падзякавала В.М. Строгаму, які паабяцаў і, будучы чалавекам слова, аператыўна дапамог устанавіць у мясцовам Доме культуры так званую трывожную кнопку. А гэта зусім не дробязь, а элемент бяспекі людзей. Цяпер установа культуры працуе і радуе людзей розных узростаў. Так, на кастрычніцкія святы ў зале яблыку не было дзе ўпасці, сцвярджае Л.І. Гудач. "Віталій Мікалаевіч малады, перспектыўны, ён за людзей і думае пра людзей", – такую характарыстыку дала яна народнаму абранніку.  

"Ідзеш і радуешся, якую прыгожую ёлачку ўстанавілі ў цэнтры Першамайска", – дзеліцца вяскоўка. Але, прызнаецца, добры настрой азмрочылі чуткі, быццам мясцовая ўстанова культуры не будзе працаваць у навагоднюю ноч. Што гэта пытанне сапраўды хвалюе людзей, пацвердзілі і чацвёра жанчын, якія ўслед за Л.І. Гудач зайшлі на прыём. Яны ж запэўнілі: гатовы сіламі народнай дружыны падтрымліваць парадак у Навагоддзе.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, гутарачы з людзьмі, была шчырай: пытанне правядзення навагодняй дыскатэкі, і не толькі ў гэтым аграгарадку, абмяркоўваецца, рашэнне яшчэ не прынята. І патлумачыла, што да арганізацыі такіх культурна-масавых мерапрыемстваў ёсць пэўныя патрабаванні, прапісаныя ў Кодэксе аб культуры.

Дарэчы, падчас прыёму прагучала таксама, што дэпутат раённага Савета дэпутатаў В.М. Строгі дапамог з рамонтам даху ў будынку, дзе размясціўся школьны гісторыка-краязнаўчы музей. Віталій Мікалаевіч трымае на кантролі і праблему з забеспячэннем вадой жыхароў некалькіх дамоў у Шастакоўцах. Ёсць у яго задумка ўстанавіць дабротную агароджу ля  помніка ў Агародзішчах. Увогуле народны абраннік імкнецца падтрымаць любую добрую ініцыятыву. І людзі гэта цэняць.

Адстойваць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў на абласным узроўні гатоў і Ю.М. Аляксей. Ён і яго калегі ўважліва выслухалі таксама жыхарку вёскі Табалічы, якая звярнулася з просьбай устанавіць ліхтар ля дома, а потым накіраваліся ў вёску Куляшы, дзе ў мясцовым магазіне дэпутатаў чакалі каля трох дзясяткаў вяскоўцаў. Людзі выказалі задаволенасць работай прадаўца крамы, агучылі пытанні мясцовага значэння – пра зімовыя дарогі, вулічнае асвятленне, тэлефонную сувязь і іншыя, выслухалі справаздачы дэпутатаў. Так, Г.С. Хвядзюк патлумачыла, што дарогі абавязкова будуць расчышчаны – даручэнні атрымалі адпаведныя службы і арганізацыі. Праўда, адначасова зрабіць гэта ў больш чым 430 населеных пунктах раёна немагчыма, і гэта трэба разумець. У размове закраналі тэмы бяспекі пражывання, навядзення парадку на малой радзіме, гаварылі пра тое, што даступнасць жылля – гэта прыярытэт сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Развітваючыся з прыязнымі вяскоўцамі, дэпутаты запэўнілі ў сваёй заўсёднай гатоўнасці дапамагчы і папрасілі людзей быць уважлівымі і асцярожнымі адзначаючы любімыя святы.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

Р.S Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома: рашэнне прынята -- навагодняй дыскатэцы ў Першамайску быць!

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!