Спорт – справа сямейная.У Шчучыне прайшоў спартыўны фестываль “Тата, мама, я – здаровая сям’я” (+видео)

 

У суботу ў Шчучыне ўпершыню прайшоў спартыўны фестываль “Тата, мама, я – здаровая сям’я”. Сямейнае свята здаровага ладу жыцця адбылося ў спорткомплексе на вуліцы Авіятараў і сабрала восем сем’яў з нашага раённага цэнтра, а таксама шмат гледачоў.

 

Мерапрыемтва было прымеркавана да Дня маці. Яго арганізатарамі выступілі аддзел адукацыі, сектар спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама, а таксама раённная арганізацыя БРСМ.

 

 

Удзел у фестывалі ўзялі чатыры каманды, якія прадстаўлялі гарадскія ўстановы адукацыі. Кожная каманда складалася з двух сем’яў: адна з хлопчыкам да 12 гадоў, другая – з дзяўчынкай да 12 гадоў. Падтрымаць сваіх сяброў, знаёмых і аднакласнікаў прыйшлі як дзеці, так і дарослыя.

 

Праграма фестывалю пачалася з прэзентацыі творчых візітовак кожнай сям’і. Хтосьці прыдумаў цікавыя рыфмаваныя крычалкі, а нехта расказаў чаму іхняя сям’я вартая перамогі. Асаблівую ўвагу на гэтым этапе журы звяртала на адзінства сямейнага калектыва. Далей пачалася спартыўная частка, якая ўключала ў сябе бег з перашкодамі, кіданне мяча, прыжкі з месца, а таксама эстафету. Падчас спаборніцтваў вялікую ролю мелі старанні кожнага члена сям’і, бо фінальны вынік у роўнай ступені залежаў як ад бацькоў, так і ад дзяцей. У перапынках паміж этапамі мерапрыемства ўдзельнікам і гледачам фестывалю не давалі сумаваць музыкальныя нумары.

 

 

Пасля скрупулёзных падлікаў журы выбрала калектывы пераможцаў. Такім чынам найлепшай камандай з хлопчыкам стала сям’я Макеяў, а найлепшай камандай з дзяўчынкай у складзе была прызнана сям’я Шкодаў. Дарэчы, абедзве гэтыя сям’і прадстаўлялі гімназію №1 Шчучына.

 

Варта адзначыць, што пераможцы і ўдзельнікі фестывалю былі ўзнагароджаны граматамі і каштоўнымі прызамі ад арганізатараў мерапрыемства.

 

 

Сакрэтам сямейнага поспеху з намі падзяліўся тата сям’і Макеяў Андрэй:

 

-- У мерапрыемствах падобнага кшталту наша сям’я заўсёды стараецца прымаць удзел, бо спорт нам падабаецца. Да гэтых спаборніцтваў рыхтаваліся, абмяркоўвалі сям’ёй план дзеянняў, таму і перамаглі. Атрымалі сёння самыя класныя эмоцыі. Вельмі добра, што ў Шчучыне на адзін сямейны спартыўны фестываль стала больш.

 

Таксама пра свае эмоцыі расказала маці сям’і пераможцаў з дзяўчынкай у складзе Вольга Шкода:

 

-- Для нашай сям’і гэта было першае такое спартыўнае мерапрыемства і ад гэтага мы яшчэ больш рады, што перамаглі. Нам вельмі спадабалася, што спаборніцтвы былі арганізаваны на высокім узроўні. Думаю, што цяпер наша сям’я будзе ўдзельнічаць і ў іншых падобных мерапрыемствах Шчучына і раёна.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!