“Мы – за здаровы лад жыцця!” Даведаліся, што ў прыярытэце ў старшыні Дэмбраўскага сельвыканкама

 

Зусім невыпадкова Дэмбраўскі сельсавет называюць самым спартыўным на Шчучыншчыне. Аднак гэты “статус” дастаўся не проста так. Папярэднічалі штогадовыя перамогі ў раённых спартакіядах, поспехі каманды ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. 

 

Дый старшыня сельвыканкама Міхаіл Жогла – чалавек горача ўлюбёны ў спорт, сам нярэдка выступае ў ролі трэнера, а ўжо тое, што ён ігрок выдатны, ведаюць усе. Міхаіл Міхайлавіч захоплены і футболам, і валейболам – зрэшты, напэўна, не існуе таго віду спорту, у якім бы не спрабаваў свае сілы былы дэсантнік (менавіта ў ПДВ праходзіў калісь армейскую службу).

 

– Серада і пятніца ў нас спартыўныя дні, і ў любое надвор’е на стадыёне або ў школьнай спартзале збіраюцца ўсе прыхільнікі здаровага ладу жыцця, – гаворыць Міхаіл Жогла. – І хоць няма ў штаце інструктара па фізпадрыхтоўцы, мы выдатна спраўляемся самі, актыўна развіваючы ўсемагчымыя віды спорту.

 

Угаворваць нашых людзей прыняць удзел у спартакіядзе няма патрэбы. Спартыўны інтарэс і азарт не затухаюць. Энтузіясты падаюць прыклад іншым. Такія традыцыі доўжацца ў нас дзесяцігоддзі. Вельмі спрыяе тое, што іх падтрымлівае, у тым ліку і матэрыяльна, дырэктар ААТ “Дэмбрава”, наш дэпутат як раённага, так і мясцовага Савета дэпутатаў Аляксандр Туля.

 

– Міхаіл Міхайлавіч, а ўвогуле якую ролю ў мясцовым самакіраванні адыгрываюць вашы дэпутаты?

 

– Ключавую! Як вядома, адзін у полі не воін. Усе 11 дэпутатаў і 16 старастаў вёсак заўжды на сувязі з сельвыканкамам, актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх працэсах мясцовага самакіравання, у правядзенні сельскіх сходаў, уздымаюць злабадзённыя для насельніцтва праблемы і прапаноўваюць шляхі іх вырашэння. Землякі шчыра ўдзячны за дапамогу ў бытавых і грамадска значных пытаннях таму ж Аляксандру Віктаравічу Туля.

 

Напрыклад, зараз наш дэпутат, нягледзячы на напружаныя сельскагаспадарчыя работы, мае намер рэалізаваць добрую задумку – яшчэ больш удасканаліць амфітэатр на тэрыторыі Дома фальклору, які мясцовы люд жартам называе “славянскі базар”. Зараз тут узводзіцца навес для зручнасці і камфорту гледачоў. Дэмбраўцы ўмеюць самааддана працаваць і так жа ярка адпачываць. А работнікі культуры вельмі многае робяць, каб святы заўжды праходзілі ў русле здаровага ладу жыцця.

 

Вельмі ініцыятыўныя дэпутаты завуч Дэмбраўскай СШ Аксана Бодак і бібліятэкар Святлана Медушэўская. Надзейная апора для вяскоўцаў стараста вёскі Стараўшчына Галіна Мароз. Пра кожнага з нашых сельскіх актывістаў можна сказаць мноства ухвальных слоў.

 

Не магу не выказаць падзякі кіраўніцтву і работнікам усіх службаў і арганізацый, што знаходзяцца на тэрыторыі Дэмбраўскага сельсавета, педагогам, медыкам, сацыяльным работнікам і работнікам культуры, усім нераўнадушным людзям (а такіх у нас многа) за тое, што агульнымі намаганнямі мы добраўпарадкоўваем і паспяхова развіваем нашу тэрыторыю, павышаем узровень жыццезабеспячэння землякоў.

 

 

– Ведаю, што вопыт Дэмбраўскага сельсавета па добраўпарадкаванні і ўцягненні ў гаспадарчы абарот пустуючых зямель запатрабаваны нават за межамі Шчучыншчыны…

 

– Так, мы дзяліліся сваімі напрацоўкамі не толькі з калегамі са свайго раёна, але і з Лідчыны. Добры вынік дае альянс сельвыканкама і ААТ “Дэмбрава”, зацікаўленага, каб пасля зносу старых незапатрабаваных дамоў зямельныя плошчы сталі палеткамі ды лугамі, прыносілі карысць. Такім чынам толькі за апошні час у выніку планамернага навядзення парадку на тэрыторыях населеных пунктаў нашага сельсавета больш за 33 га дабавіліся ў плошчы севазвароту. Сёлета таксама ўжо знесены тры заняпалыя сядзібы, у планах – яшчэ пяць. Гэта толькі за бюджэтны кошт, а гаспадарка таксама мае свой інтарэс і  дапамагае ў гэтых працэсах. Увогуле штогод зносім па 10-12 безгаспадарных дамоў. Населеныя пункты пасля правядзення такіх работ нібы маладзеюць. Да прыкладу, не пазнаць вёску Красляне – так папрыгажэла. Многае ў гэтым напрамку зроблена ў Малінніках, Рычы Дзяржаўнай, Багушах і інш.

 

– Асаблівая ўвага ў вашым рэгіёне надаецца добраўпарадкаванню памятных мясцін…   

 

– У Дэмбраве ля помніка землякам, якія загінулі, вызваляючы Радзіму падчас Вялікай Айчыннай вайны, мы высадзілі “Алею памяці” з 60 вечназялёных дрэўцаў – туй. Напярэдадні Дня Перамогі прыведзены ў належны парадак абеліскі і скверы ў населеных пунктах, месцы партызанскіх захаванняў. Напрыклад, у Шынкаўцах на магіле легендарнага партызана Антона Квяткоўскага (Марусіка), які геройскі загінуў у чэрвені 1943 года, нядаўна ўстаноўлены новы помнік за сродкі спонсараў-прадпрымальнікаў бацькі і сына Кандратовічаў. Памяць і ўдзячнасць за сённяшні мірны дзень жыве ў сэрцах нашых землякоў. У Год міру і стварэння кожны стараецца ўнесці свой уклад у скарбонку агульных добрых спраў.

 

Гутарыла Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!