Што робіць адзінымі жыхароў Шчучыншчыны. Пра гэта разважалі ўдзельнікі пасяджэння літаратурна-музычнай гасцёўні
Менавіта так гучала тэма пасяджэння літаратурна-музычнай гасцёўні, што сабрала ў канферэнц-зале Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі нераўнадушных шчучынцаў, работнікаў культуры, актыўных чытачоў, творчых людзей… Вядучая праграмы нагадвае, што 1 студзеня кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №1, згодна з якім 2021 год у Беларусі аб’яўлены Годам народнага адзінства.
-- Ва ўсе часы адзінства народа было, ёсць і будзе для нашай краіны галоўнай нацыянальнай ідэяй і ў палітычным, і ў духоўным аспекце, -- зазначае прамоўца, намеснік дырэктара раённай бібліятэкі Юлія Міхайлава. -- А згуртаванасць, салідарнасць і ўзаемаразуменне беларусаў, аб’яднаных гісторыяй, традыцыямі, культурай, стала нормай жыцця. Гэта заўжды было галоўным для нашага народа і павінна так і заставацца. Бо жаданне жыць у міры і згодзе, быць шчаслівымі, развіваць сваю краіну аб’ядноўвае ўсіх.
Ю.А. Міхайлава прывяла мноства цікавых прыкладаў пра тое, чым славіцца наша Беларусь, якімі матэрыяльнымі і духоўнымі каштоўнасцямі ды зялёнымі рарытэтамі яна валодае, плеяду якіх слаўных сыноў і дачок узрасціла -- ад Францыска Скарыны, Ефрасінні Полацкай, нашых вялікіх зямлячак Элізы Ажэшкі і Алаізы Пашкевіч да сённяшніх знакамітых асоб – лаўрэата Нобелеўскай прэміі Жорэса Алфёрава, чатырохкратнай алімпійскай чэмпіёнкі Дар’і Домрачавай і многіх іншых. Зусім невыпадкова беларускі Парк высокіх тэхналогій называюць Крэменевай далінай Усходняй Еўропы – столькім стартапам ён даў жыццё!
Разважаючы пра тое, што Беларусь – краіна вялікай культуры, багатай гістарычнай спадчыны і невычарпальнага творчага патэнцыялу, вядучая прадставіла гасцям таленавітага музыканта і кампазітара, кіраўніка вакальна-харавых калектываў Шчучынскага РЦКіНТ Генадзя Панова. У літаратурна-музычную гасцёўню ён завітаў не адзін, а з народным ансамблем народнай беларускай песні “Медуніцы”. Цудоўныя мелодыі ў цудоўным выкананні пад шчырыя апладысменты – гэта стала ўпрыгожаннем пасяджэння, бо нішто так не аб’ядноўвае людзей, як добрая песня. А Г.А. Паноў напісаў больш за паўсотні музычных твораў! Нядаўна выйшаў з друку другі зборнік песень Генадзя Аляксеевіча, прысвечаны малой радзіме. Імя Г.А. Панова занесена ў Кнігу Славы Шчучынскага раёна. За свае дасягненні на ніве культуры творца быў удастоены прэстыжнай прэміі А.І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама. Шчучыншчына ганарыцца сваімі землякамі.
Супрацоўніца Астрынскай гарпасялковай бібліятэкі Ганна Сцяпанчанка – таксама лаўрэат прэміі Дубко. Яна захапляюча расказала, як аб’ядноўвае жыхароў пасёлка сумеснае напісанне летапісу Астрыны і гісторыі мясцовай царквы Прэабражэння Гасподняга, якая вялікая (а галоўнае – паспяховая!) пошукавая работа вядзецца. Менавіта за гэты напрамак дзейнасці іх установе ў 2020 годзе было прысвоена званне “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” па выніках рэспубліканскага конкурсу.
Нямала цікавых праектаў і ў шчучынскіх бібліятэкараў, якія стварылі каштоўныя фатаграфічныя базы даных, інфармацыйныя рэсурсы, што ўтрымліваюць звесткі аб славутых ураджэнцах нашага краю. Вялікай папулярнасцю карыстаецца і электронны даведнік “Іх імёнамі названы вуліцы горада Шчучына”.
На гэтым мерапрыемстве, прысвечаным Году народнага адзінства, быў дадзены старт раённай акцыі “Гадзіны гістарычнай памяці”. Як падкрэслівалася, наша адраджэнне немагчыма без захавання і перадачы маладому пакаленню лепшых традыцый. А сёння, як ніколі, усім нам важна адчуваць духоўную апору, быць талерантнымі, добразычлівымі, чулымі, бо менавіта гэтыя якасці аб’ядноўваюць людзей, а значыць, умацоўваюць наша адзінства.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.