Шчучынскую МПМК-167 наведала і сустрэлася з работнікамі прадпрыемства намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Святлана Вараніца
Безумоўна, галоўная інфанагода ў інфармацыйнай прасторы нашай краіны зараз – выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Электаральнай кампаніі надаецца павышаная ўвага падчас сустрэч у працоўных калектывах. Так, нядаўна Шчучынскую МПМК-167 наведала і сустрэлася з работнікамі прадпрыемства намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Святлана Вараніца. Таксама ўдзел у сустрэчы ўзяў дырэктар Шчучынскай МПМК-167 Юрый Краеўскі.
Падчас сустрэчы Святлана Вараніца звярнула ўвагу прысутных на розныя аспекты дзяржаўнай палітыкі ў нашай краіне, адзначыўшы вялікую ролю кіраўніка дзяржавы ў прыняцці асноўных рашэнняў.
– За гады існавання інстытута прэзідэнцтва ў Беларусі змяніліся паўнамоцтвы прэзідэнта, зараз гэта не проста чалавек, які ўзначальвае выканаўчую ўладу. Сёння прэзідэнт мае вялікі шэраг высокіх паўнамоцтваў, акрамя таго, ён з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі. Таму мы з вамі, выбіраючы 26 студзеня будучага года кіраўніка дзяржавы, павінны ўсведамляць, наколькі гэта важны для нас выбар, – адзначыла Святлана Вараніца.
Удзельнікі мерапрыемства паразважалі таксама на тэму тэхналагічнага прагрэсу. Абмеркавалі новыя магчымасці і небяспекі, звязаныя з развіццём штучнага інтэлекту. Асобна гучала тэма змены пакаленняў, падрастаючай моладзі. Святлана Вараніца падзялілася сваім бачаннем геапалітычнай абстаноўкі ў бліжнім замежжы, а таксама выказала меркаванні наконт любові да Радзімы і адказнасці перад ёй. Усе тэмы ў выступе падводзілі да галоўнай думкі – значэння выбару і забеспячэння электаральнай бяспекі краіны.
– Асабісты ўдзел чалавека ў выбарах з’яўляецца дэманстрацыяй сапраўднага суверэнітэту нашай краіны, – заўважыла Святлана Вараніца. – Сваім голасам мы на практыцы рэалізуем суверэнітэт Беларусі. Звярну вашую ўвагу на тое, што не так даўно ў абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь з’явіліся новыя тэрміны. Адзін з іх – электаральная бяспека, якая праяўляецца тады, калі народ выказвае сваю волю.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.