Шчучынскі спорт у павазе. Раённы фізкультурна-спартыўны клуб заняў другое месца па выніках агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы

Сёлета Шчучынскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб заняў другое месца па выніках агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў рэгіёнах Гродзенскай вобласці сярод 2-й групы раёнаў.

 

Пра поспехі і дасягненні раённага ФСК мы пагутарылі з яго дырэктарам Віктарам Струкелем.

 

– Асноўны кірунак нашай дзейнасці – аздараўленчая і спартыўна-масавая работа. За мінулы год мы правялі 71 спартыўнае мерапрыемства, у якіх браў удзел 5541 аматар спорту. Гэта добры вынік, улічваючы тое, што патрабаванні да арганізацыі спаборніцтваў у нас даволі высокія ў матэрыяльным і тэхнічным плане, – кажа Віктар Антонавіч.

 

Мінулы год стаў выніковым для каманд Шчучынскага раённага ФСК. Так, на абласных спаборніцтвах па гандболе і валейболе нашы дружыны ўзялі срэбныя медалі. На чэмпіянаце па міні-футболе шчучынцы былі трэцімі.

 

– Важна, што наша дзейнасць распаўсюджваецца таксама на інвалідаў і людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Для такой групы людзей у 2022 годзе мы правялі раённыя спаборніцтвы па скандынаўскай хадзе, турнір па дартсе, спаборніцтвы па настольным тэнісе, шашках і “Спартландыю”. Усяго ў гэтых мерапрыемствах удзельнічалі 66 чалавек, што таксама няблага.

 

Шчучын добра прадстаўлены і ў экзатычных для Беларусі відах спорту. Наша каманда па пляжным футболе па праве лічыцца адной з лепшых у краіне. Пра гэта сведчаць вынікі: у мінулым годзе шчучынскія пляжнікі ўзялі срэбра на чэмпіянаце і ў кубку Беларусі. Ёсць дасягненні і ў балотным футболе: нашы жанчыны занялі другое месца на адкрытым чэмпіянаце Гродзенскай вобласці. Хуткімі тэмпамі ў Шчучыне развіваецца пляжны валейбол.

 

– У жніўні мінулага года мы ўрачыста адкрылі пляцоўку для пляжнага валейбола ў Шчучыне, – адзначае Віктар Струкель. – Упэўнены, што паляпшэнне спартыўнай інфраструктуры станоўча адаб’ецца на выніках нашых мужчынскіх і жаночых каманд.

 

Такім чынам, шчучынскі спорт не стаіць на месцы, а фізкультурна-спартыўны клуб прыкладае ўсе сілы для гэтага. Паступова развіваецца інфраструктура, паляпшаюцца вынікі каманд, з’яўляюцца новыя раённыя турніры і спаборніцтвы. Фізкультура і спорт – неад’емныя складнікі здаровага ладу жыцця, таму спадзяваемся, што з гадамі колькасць спартсменаў у нашым раёне будзе толькі павялічвацца.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота з архіва Шчучынскага раённага ФСК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!