Самы спартыўны сельсавет Шчучыншчыны вызначаны. Завяршыўся фінальны этап круглагадовай спартакіяды сярод сельсаветаў раёна
20 мая ў дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту ў Шчучыне прайшоў фінальны этап круглагадовай спартакіяды сярод сельсаветаў раёна. Сёлета спартакіяда праводзілася з пачатку студзеня і ўключала ў сябе спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, валейболу, футболу і плаванні.
Фінальны этап складаўся з некалькіх дысцыплін: сямейных спаборніцтваў, турніру па дартсы сярод старшыняў сельсаветаў і традыцыйнага перацягвання канатаў.
Сямейным калектывам трэба было паказаць хуткасць і спрыт на эстафетах. Дзеці разам з бацькамі вызначалі самую моцную каманду падчас бегу з перашкодамі і кіданні дроцікаў у мішэнь. Лепшымі ў гэтай справе сталі прадстаўнікі Васільшкаўскага сельсавета – сям’я Барташэвічаў.
Цікава было назіраць за супрацьстаяннем старшыняў сельсаветаў падчас турніру па дартсы. Па яго выніках лепшым кідальнікам дроцікаў стаў кіраўнік Лядскага сельсавета Павел Літавор.
Інтрыгай спартыўнага дня сталі спаборніцтвы па перацягванні каната, ад вынікаў якіх залежаў лёс прызавых месцаў круглагадовай спартакіяды. На пляцоўцы для перацягвання стаяла напружаная атмасфера, ніводная з каманд не хацела аддаваць саперніку ні сантыметра перавагі. Капітаны задавалі тэмп для сваіх калектываў, а атлеты сціснуўшы зубы стараліся перацягнуць канат да сябе. Пасля некалькіх раўндаў стала зразумела, што лепшай у гэтай дысцыпліне будзе Дэмбраўская дружына, якая ў выніку і перамагла.
Такім чынам выніковыя прызавыя месцы круглагадовай спартакіяды сярод сельсаветаў раёна размеркаваліся наступным чынам. Набраўшы 110 ачкоў 3-е месца заняла каманда Астрынскага сельсавета. З 112-ю баламі срэбра спаборніцтваў узяў Васілішкаўскі калектыў. Залатыя медалі і перамогу мелі спартсмены з Дэмбраўскага сельсавета, яны набралі 118 ачкоў.
Цікава, што для Дэмбраўскага сельсавета гэта трэцяя запар перамога на раённай спартакіядзе, а цягам апошніх дзесяці гадоў каманда ніколі не апускалася ніжэй за трэцяе месца, такім чынам заўсёды заставалася ў прызах. Сакрэтамі такога спартыўнага поспеху з намі падзяліўся капітан каманды, старшыня сельсавета Міхаіл Жогла:
– Мы стараемся выстаўляць добрыя каманды на спаборніцтвы па ўсіх відах спорту. У нас выдатная падрыхтоўка, дзейнічаюць спартыўныя секцыі на якіх жыхары сельсавета могуць падмацаваць здароўе і трэніраваць навыкі. Таксама вялікую дапамогу нам аказвае кіраўнік ААТ “Дэмбрава” Аляксандр Туля, які спрыяе добрым выступам нашай каманды і заўсёды ідзе насустрач.
Закрывала мерапрыемства старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк:
– Віншую ўсіх пераможцаў і ўдзельнікаў. Думаю, самае галоўнае тое, што сёння мы ўсе атрымалі зарад бадзёрасці, добры настрой і канечне ж перамогу, кожны сваю. Шчыры дзякуй за ўдзел, дзякуй за тое, што былі сёння разам з намі, бо калі мы разам – мы вялікая сіла. Таксама яшчэ раз віншую з прафесійным святам фізкультурную і спартыўную супольнасць нашага раёна, жадаю вам моцнага здароўя, міру і новых перамог.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.