Чэмпіён вызначаны. У Шчучыне завяршыўся чэмпіянат раёна па міні-футболе 2022 года

На мінулым тыдні, напярэдадні каталіцкага Раства, завяршыўся чэмпіянат Шчучынскага раёна па міні-футболе 2022 года. Фінал турніру сабраў шмат неабыякавых аматараў футбола.

 

У сёлетнім чэмпіянаце раёна прынялі ўдзел восем каманд: “ІвестБел”, “Шчучынская МПМК-167”, “ДЮСШ г. Шчучына”, “Васілішкі”, “ШчучынЛесКам”, “Скідзель”, “Аўтапровад” і “Дынама-РАУС”. На працягу месяца спартыўныя дружыны змагаліся за права называцца лепшымі.

 

У заключнай частцы турніру за прызавыя месцы змагаліся паўфінальныя пары “МПМК-167” ­­– "Васілішкі” і “Скідзель” – “ІнвестБел”. У першым матчы каманда будаўнічай арганізацыі упэўнена перамагла васілішкаўцаў. У другім паўфінале шчучынскі “ІнвестБел” перайграў сапернікаў са “Скідзеля”.

 

 

24 снежня на паркеце спартыўнага комплексу па вуліцы Авіятараў прайшлі заключныя сустрэчы чэмпіянату. У матчы за 3-е месца “Васілішкі” перамаглі “Скідзель”. У фінале дзве шчучынскія каманды “ІнвестБел” і “МПМК-167” трымалі інтрыгу да апошняй секунды матча. Да 60-й хвіліны лік на табло быў 3:3, аднак лёс усяго турніру вызначыўся на апошніх секундах, калі гульцы “ІнвестБела” правялі шыкоўную камбінацыю каля варот “МПМК-167” і забілі вырашальны гол. Такім чынам, з лікам 4:3 перамогу ў матчы і залатыя медалі чэмпіянату заваяваў “ІнвестБел”, срэбра ўзяла “МПМК-167”, а бронзавае трэцяе месца дасталася “Васілішкам”. Так выглядаў спіс прызёраў сёлетняга чэмпіянату.

 

 

Па выніках раённага чэмпіянату лепшым маладым гульцом стаў прадстаўнік каманды “ДЮСШ г. Шчучына” Мікіта Шэршань. Лепшым плэймейкерам абралі Максіма Кірдзіка са “Скідзеля”. З трыццаццю галамі ў актыве лепшым бамбардзірам турніру стаў Арцём Байгот з каманды “Шчучынская МПМК-167”. Лепшым варатаром названы Ігар Дзямідчык з каманды “ІнвестБел”. А самым лепшым гульцом чэмпіянату вызначылі Максіма Саўчука з “ІнвестБела”.

 

– Гэты турнір традыцыйны, ён праводзіцца кожны год, аднак сёлета фармат спаборніцтваў змяніўся, –  Расказаў загадчык сектару спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Дзмітрый Кірылаў. – Звычайна матчы праходзілі на вуліцы, а сёлета вырашылі гуляць у зале. Такі фармат дазваляе эфектыўна развівацца маладым гульцам, паказваць сябе і павышаць сваё майстэрства. Так, мы ўжо маем некалькі кандыдатаў на ўключэнне ў зборную раёна.

 

Таксама сваімі думкамі аб раённым чэмпіянаце падзяліўся дырэктар Шчучынскага раённага спартыўнага клуба Віктар Струкель:

 

– На чэмпіянаце раёна гульцы паказалі высокае майстэрства, па сутнасці шчучынскія заўзятары мелі магчымасць назіраць міні-футбол абласнога ўзроўню. Дзякуючы такім спаборніцтвам спартыўны патэнцыял Шчучынскага раёна значна павялічваецца, што не можа не радаваць.

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!