Сэрца парафіі. Даведаліся ў ксяндза Яна Рэйшаля пра мінулае і сучаснасць Жалудоцкага касцёла

 

Жалудок – слыннае мястэчка Шчучынскай зямлі. Шмат стагоддзяў гісторыі адбіліся на гэтым населеным пункце і пакінулі цікавы культурны пласт. Здаўна Жалудок вядомы сваім вялікім рэлігійным значэннем не толькі ў нашым, але і ў суседніх раёнах. Таму напярэдадні каталіцкага Раства мы вырашылі завітаць у госці да пробашча мясцовай парафіі ксяндза Яна Рэйшаля і пагутарыць з ім пра Жалудоцкі касцёл, яго гісторыю і сучаснасць.

 

Гісторыя парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку бярэ свой пачатак яшчэ ў XV стагоддзі. Першы драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1480 годзе на паўночнай ускраіне пасялення, зараз там знаходзіцца вёска Фарны Канец. Фундаваў будаўніцтва вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір IV Ягелончык.

 

Сучасны мураваны касцёл у Жалудку быў пабудаваны ў 1853 годзе з бутавага каменю і цэглы. Святыня паўстала ў стылі позняга класіцызму, паводле праекта архітэктара Караля Падчашынскага. Выгляд храма дайшоў да нашых дзён не ў поўнай меры. На жаль, не захавалася 8-гранная шатровая вежа, якая ўзвышалася над галоўным фасадам будынка.

 

Галоўны фасад касцёла прываблівае наведвальнікаў скульптурамі святых з Ісусам Хрыстом. А трохвугольны франтон і порцік, які падтрымліваецца калонамі, увасабляюць характэрны для класіцызму зварот да антычнага дойлідства.

 

 

У часы савецкага атэізму Жалудоцкаму касцёлу пашанцавала, ён быў зачынены толькі некалькі гадоў. Аднак дзякуючы намаганням ксяндза Ігнація Альшанскага касцёл аднавіў сваю дзейнасць, стаўшы адной з нешматлікіх святынь нашага раёна, у сценах якой працягвала гучаць слова Божае.

 

У Жалудку той няпросты для рэлігіі перыяд звязаны з асобай ксяндза Пятра Барташэвіча, які служыў тут з 1963 года і да самай смерці ў 1991 годзе. У старэйшых мясцовых людзей і дагэтуль застаюцца выключна цёплыя ўспаміны аб гэтым чалавеку, які ў складаны час даваў прыхаджанам надзею і вучыў іх дабрыні.
З прыхаджанаў Жалудоцкай парафіі выйшла нямала святароў. Так, напрыклад, у 1978 годзе ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі быў пасвенчаны на святарства Антоній Ханько, які стаў першым афіцыйна рукапаложаным ксяндзом на тэрыторыі Беларусі. З 1978 па 1991 год Антоній служыў у Жалудоцкай парафіі разам са сваім духоўным настаўнікам Пятром Барташэвічам. Пасля смерці апошняга Антоній Ханько да 1992 года быў пробашчам парафіі, пасля яго накіравалі ў Гродна, дзе ён на працягу 25 гадоў быў канцлерам курыі.

 

У 1992 годзе на службу ў Жалудок накіравалі ксяндза Яна Рэйшаля, які ўжо цягам 30 гадоў узначальвае мясцовую парафію і, як сведчаць прыхаджане, ставіцца да сваёй місіі з вялікай адказнасцю. Сам Ян Рэйшаль паходзіць з вёскі Мештуны Ваўкавыскага раёна. Святарскую адукацыю ён атрымаў у Рыжскай семінарыі, дзе вучыліся католікі з усяго Савецкага Саюза.

 

Важнай падзеяй у жыцці Яна Рэйшаля стала пілігрымка ў Ватыкан у 1997 годзе. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў кардынал Казімір Свёнтэк. Тады ў Ватыкан прыехалі людзі з усяго свету, аднак тагачасны Папам Рымскі Ян Павел II, паляк па нацыянальнасці, зрабіў выключэнне для нашай дэлегацыі і сустрэўся з беларусамі. Вось як пра гэта ўзгадвае ксёндз Ян:

 

– У нашай дэлегацыі былі розныя людзі, шмат свецкіх. Але калі Папа Рымскі выйшаў да нас, то ўсе казалі, што ў іх склалася адчуванне, нібы гэта не зямны чалавек. Усе тады адчувалі духоўную моц яго асобы.
З той сустрэчы ў ксяндза Яна застаўся сумесны фотаздымак з Папам Рымскім Янам Паўлам II і беларускім кардыналам Казімірам Свёнтэкам.

 

Любоў да рэлігіі ксяндзу Яну прывілі маці і бабуля. Бліжэйшы ад яго роднай вёскі Мештуны парафіяльны касцёл знаходзіўся ў Рэплі, але з 1964 года ксяндза там не было, і людзі самі маліліся ў храме. Каб трапіць на службу, сям’я Яна Рэйшаля хадзіла за 10 кіламетраў у вёску Эйсманты Бераставіцкага раёна.

 

– Хадзілі праз поле, праз лес, зімой і летам і ўсё пяшком. Калі мне купілі ровар, то такі быў шчаслівы, не апісаць. Пасля школы, калі пачаў працаваць на пошце, то зарабляў капейку і можна было ўжо пад’ехаць на аўтобусе і ў Рось, і ў Ваўкавыск, і ў Гродна, – кажа ксёндз Ян. – Я мусіў быць святаром. Мяне яшчэ з дзяцінства ўсе ксяндзом называлі. Бо дапамагаў у касцёле на набажэнствах, рэлігійных святах і нават па нябожчыках спяваў.

 

Сёння Жалудоцкая парафія ахоплівае вялікую тэрыторыю. Так, да яе адносяцца некаторыя вёскі ў Лідскім і Мастоўскім раёнах. Вядома, што гэты рэгіён больш каталіцкі, аднак ёсць тут чатыры праваслаўныя храмы. Ксёндз Ян падтрымлівае цёплыя адносіны з праваслаўнымі святарамі. На рэлігійныя святы завітвае ў госці да іх, а яны да яго. Нямала праваслаўных святароў сёлета напрыканцы мая прыязджалі ў Жалудок на святочную імшу з нагоды 30-годдзя святарства ксяндза Яна. Тады жалудоцкага пробашча таксама павіншавалі парафіяне і важныя каталіцкія іерархі: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі.

 

Часта касцёл у Жалудку наведваюць турысты. За прыгожым знешнім абліччам храма хаваецца шмат цікавага, а асаблівай увагі тут заслугоўвае касцёльны арган, які выкарыстоўваецца падчас службаў амаль кожны дзень. Не так даўно яго прыязджалі рамантаваць майстры з Варшавы, бацька і два сыны. Яны чысцілі музычны інструмент, абнаўлялі сапсаваныя дэталі і знайшлі ў ім адметную цікавостку, пра якую нам расказаў ксёндз Ян:

 

– Майстры знайшлі змешчаную на аргане пячатку, у якой пазначана дата вырабу гэтага музычнага інструмента – 1853 год, што цалкам супадае з годам будаўніцтва касцёла. Атрымліваецца, што храм і арган з’яўляюцца аднагодкамі. У наступным годзе ім абодвум споўніцца 170 гадоў.

 

Лёс Жалудка непарыўна звязаны з родам Тызенгаўзаў, доўгі час яны былі гаспадарамі мястэчка і ў тым ліку будавалі сённяшні касцёл. У алтарнай частцы святыні ў гонар галоўных фундатараў Германіцыі Тызенгаўз і яе мужа Севярына Урускага размешчаны дзве мемарыяльныя дошкі.

 

Але бадай што галоўным напамінам аб Тызенгаўзах служыць іх радавы склеп, які знаходзіцца акурат пад галоўным алтаром Жалудоцкага касцёла. У крыпце пад пяццю мармуровымі плітамі размешчаны пахаванні. Мяркуецца, што там спачываюць астанкі членаў роду Тызенгаўзаў ад 18 стагоддзя, якія былі перанесены сюды са старога касцёла. Па дакументальных звестках тут змяшчаюцца астанкі знакамітага падскарбія надворнага Вялікага Княства Літоўскага і гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза.

 

На думку ксяндза Яна Рэйшаля, мэта чалавечага жыцця – гэта збаўленне сваёй душы. Больш трапна і не скажаш, бо за паўсядзённымі турботамі і пагоняй за зямнымі каштоўнасцямі людзі часта забываюць, што ў вечнае жыццё мы забіраем з сабой не матэрыяльнае, а духоўнае багацце. Таму напярэдадні вялікага свята Раства Хрыстова хочацца пажадаць усім людзям шчасця, дабрыні і паболей духоўнага багацця.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!