“Залаты колас” – у шчучынскіх валейбалістаў
У Навагрудку прайшла абласная спартакіяда па валейболе “Залаты колас” сярод сельскіх жыхароў. За перамогу змагаліся дзесяць каманд, у тым ліку і зборная шчучынскага раёна.
Спачатку ўдзельнікі спаборнічалі ў трох падгрупах. Нашы валейбалісты сустрэліся на стартыўнай пляцоўцы са спартсменамі Лідскага і Астравецкага раёнаў і ўпэўнена абыгралі сваіх сапернікаў. У фінале шчучынская каманда ва ўпартай барацьбе перамагла зборныя Мастоўскага і Навагрудскага раёнаў і заняла першае месца. Прызёры былі ўзнагароджаны кубкам, медалямі і граматамі.
-- Летась у спартакіядзе “Залаты колас” мы заваявалі “бронзу”: дабіцца большага не дазволіла нечаканая траўма асноўнага іграка нашай зборнай Сяргея Роўбуця, -- зазначае капітан шчучынскай валейбольнай дружыны Валянцін Вікенцьевіч Галамбоўскі. – Сёлета прыклалі ўсе намаганні, каб выбіцца ў лідары: па тры разы на тыдзень збіраліся ў райцэнтры і трэніраваліся. Усё гэта дазволіла набраць выдатную фізічную форму і як след сыграцца. Вялікі дзякуй кіраўніцтву Шчучынскай птушкафабрыкі за дапамогу ў арганізацыі паездкі на абласную спартакіяду па валейболе “Залаты колас”. У канцы кастрычніка мы адправімся ў Маладзечна, дзе будзем абараняць гонар Гродзеншчыны на рэспубліцы. Упэўнены, у нас ёсць усе шанцы перамагчы!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.