Рэстаўрацыя храмаў, праектаванне дамоў і суперсучасных інтэр’ераў, драўляная скульптура і малыя архітэктурныя формы… На ўсё здольны шчучынскі архітэктар Міхаіл Галабурда

 

Гэтыя словы, вымаўленыя падчас нашай гутаркі, Міхаіл Галабурда пацвярджае, бадай, на працягу ўсяго свайго жыцця. Архітэктар па дыпломе і прызванні, ён яшчэ і на ўсе рукі майстар: разьбяр па дрэве, скульптар, цясляр, сталяр… Цікавіцца культуралогіяй і гісторыяй, умее па-мастацку тонка надаць шарм толькі адрэканструяванаму будынку, добра разбіраецца ў сучасных інтэр’ерах і вельмі многім гараджанам ды вяскоўцам дапамог стварыць непаўторную атмасферу ў офісах, студыях, кафэ, дамах…

 

Застаць Міхаіла Фёдаравіча ўдалося непасрэдна ў праектна-вышукальным аддзеле РУП ЖКГ, дзе ён працуе, хоць ягоная пасада архітэктара далёка не кабінетная. У сваю прафесію М.Ф. Галабурда ішоў свядома і ўпэўнена. І хоць у роднай вёсцы Імянін Драгічынскага раёна не было на той час школы мастацтваў, аднак юнак паспяхова здаў і творчыя, і асноўныя экзамены на архітэктурны факультэт Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута.

 

 

– Першае рабочае месца ў якасці маладога спецыяліста чакала мяне ў Маладзечне, але хутка прызвалі ў армію, – распавядае Міхаіл. – Служыў у войсках супрацьпаветранай абароны каля Вільнюса. А праз паўтара года прыехаў працаваць у Шчучын. Сюды мяне запрасіў тагачасны галоўны архітэктар раёна Барыс Доста, дарэчы, мой аднакурснік. Той стваральны час напрыканцы 80-х стаў для нас адметным: разам з Барысам Леанідавічам праектавалі мемарыял у вёсцы Зінякі – сястры Хатыні.

 

Наступная прыступка ў прафесійным жыцці нашага героя – праца ў Гродзенскім філіяле праектнага інстытута “БелСпецПраектРэстаўрацыя”.

 

– Гэта быў каласальны вопыт адраджэння нашай культурнай спадчыны, – узгадвае Міхаіл Фёдаравіч. – Мне давялося праектаваць рэстаўрацыю забудоў па вуліцы Замкавай у Гродне, аб’екты ў старажытным Навагрудку, аднаўляць унікальны ўніяцкі храм у Шчорсах, мець непасрэднае дачыненне да адраджэння будынка касцёла святой Тэрэзы ў Шчучыне… На вялікі жаль, наступалі неадназначныя і складаныя па сваёй сутнасці 90-е гады, спынілася фінансаванне, распалася наша рэстаўрацыйная арганізацыя.

 

– І як Вы знайшлі выйсце з няпростай сітуацыі?

 

– Заняўся афарміцельскай справай. Багата было работы і на Шчучыншчыне: тут аздабляў малымі архітэктурнымі формамі дзіцячыя садкі, выразаў з дрэва скульптуры, меў магчымасць сваёй творчасцю радаваць і дзяцей, і дарослых. У Васілішках маю працу заўважылі ксяндзы. Многае тады зрабіў для касцёлаў. У вёсцы Клешнякі былы клуб пераабсталявалі ў каплічку. На Воранаўшчыне ў аграгарадку Тракелі праектаваў капліцу, куды выносяць для паломнікаў цудатворную ікону Божай Маці Тракельскай. Працаваць у гэтым рэчышчы вельмі цікава: ты робіш унёсак у духоўную спадчыну свайго краю.

 

Дарэчы, менавіта працуючы ў Васілішках, у 90-я гады Міхаіл Галабурда сустрэў сваю шчаслівую палавінку. Загадчыца дзіцячага садка Ірына Людвікаўна прыняла прапанову маладога архітэктара стаць ягонай жонкай. Гэта гарманічная супружная пара выхавала траіх дзяцей. Дачка Кацярына – асоба творчая, неўтаймаваная, з кагорты тых, хто заўжды ў пошуку, між іншым, па прафесіі яна мастацтвазнаўца. А сыны Дзмітрый і Яўген працуюць у сферы ІТ-тэхналогій. Як і належыць, бацькі ганарацца сваімі дзецьмі. Сёння Ірына Людвікаўна Галабурда выкладае геаграфію і біялогію ў першай гарадской школе.

 

– Яшчэ напрыканцы 90-х мы купілі ў райцэнтры кватэру і пераехалі жыць у Шчучын, – дзеліцца Міхаіл Фёдаравіч. – Я тады аформіў індывідуальнае прадпрымальніцтва і займаўся аказаннем паслуг у архітэктурнай сферы: праектаваў жылыя катэджы, рыхтаваў дакументацыю для рэканструкцыі сельскіх дамоў. Зараз і ў прыватным сектары Шчучына, і ў населеных пунктах раёна вельмі часта сустракаю свае матэрыялізаваныя ідэі, бачу плён уласнай працы. І гэта вельмі прыемна. Потым была работа ў філіяле буйной кампаніі “Тектон” і прыватным прадпрыемстве “АртБюро” ў Шчучыне.

 

Апошні дзясятак год М.Ф. Галабурда працуе ў праектна-вышукальным аддзеле РУП ЖКГ. Будучы прафесіяналам высокага класа, ён з аднолькавым поспехам шчыруе над праектамі самага рознага кшталту: ад рэканструкцыі вытворчых забудоў да стыльных унутраных інтэр’ераў ва ўстановах і арганізацыях раёна, якія набываюць сучасны імідж. Да прыкладу, зараз намаганнямі М.Ф. Галабурды і яго калег былыя цэхі колішняга Дома быту ператвараюцца ў арыгінальныя студыі-офісы, куды ў хуткім часе пераселяцца некаторыя службы РУП ЖКГ.

 

– А вось такую капліцу мы спраектавалі з Барысам Достам для нашай Шчучынскай райбальніцы, – паказвае мне эскізы і чарцяжы архітэктар. – Бачыце, тут у мініяцюры спалучаюцца рысы і сучасных каталіцкіх культавых будынкаў, і элементы праваслаўнай архітэктуры. Увенчваецца капліца крыжам Еўфрасінні Полацкай – сімвалам, які ўшаноўваюць усе галіны хрысціянства.

 

Убачанае, скажу я вам, уражвае. Да чаго ж таленавітыя прафесіяналы працуюць і жывуць побач з намі! Ды й сама ідэя – пабудаваць на тэрыторыі бальніцы міні-храм, якая належыць галоўнаму ўрачу ЦРБ Івану Загароўскаму – заслугоўвае вялікай павагі. У наш няпросты час людзям, як ніколі, патрэбна духоўная апора, вера і… прыгажосць, што выратуе свет.

 

Вельмі часта Міхаілу Фёдаравічу задаюць адно і тое ж пытанне: “Як Вам удаецца так віртуозна спалучаць валоданне прыёмамі сучаснай архітэктуры і нормамі класічнымі, базавымі?” Ён толькі ўсміхаецца ў адказ, маўляў, архітэктар – прафесія ўніверсальная…

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!