З перамогамі з сонечнай Балгарыі вярнуліся выхаванцы Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі
Нядаўна ў гасцінным сонечным горадзе Несебр, размешчаным на Чарнаморскім узбярэжжы Балгарыі, праходзіў Міжнародны дзіцячы фестываль “Сонца, радасць, прыгажосць”, які сабраў вялікую колькасць творчых калектываў з розных краін.
Выхаванцы трох аб’яднанняў па інтарэсах Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі – квартэт узорнай студыі “Апрель”, салістка студыі эстрадных спеваў “Элегія” Паліна Цыбульская і танцавальны калектыў “Кантрасты” – прынялі ў ім удзел. І ўсе вярнуліся з узнагародамі! Дзяўчаты з узорнай студыі “Апрель” атрымалі дыплом І ступені, Паліна Цыбульская заняла другое месца, а калектыў “Кантрасты” – трэцяе. Выдатныя выступленні, яркія эмоцыі, незабыўны старажытны горад – рабяты здорава адпачылі і знайшлі новых сяброў.
– Шчыра прызнацца, мы ўпершыню выступалі на такім вялікім фестывалі, а яшчэ ў дзевяць гадзін вечара і на адкрытай сцэне, – расказваюць “апрельки” Валерыя Кос, Паліна Бекіш, Кацярына Раманава і Надзея Санько, якія займаюцца ў педагога дадатковай адукацыі Святланы Іванаўны Аляксеевай – кіраўніка ўзорнай студыі “Апрель”. – Выконвалі дзве песні – “Мама” і “Беларускі вянок”. Сертыфікат на бясплатны ўдзел у гэтым мерапрыемстве мы атрымалі яшчэ ў кастрычніку мінулага года на конкурсе “Крыштальны васілёк”. Нам вельмі спадабаўся горад, арганізацыя фестывалю, такая творчая і вельмі добразычлівая атмасфера, якая там панавала. Аднойчы мы ехалі ў адным аўтобусе з румынскімі артыстамі – нашымі сапернікамі. Яны заспявалі песню, а мы іх падтрымалі. Так і пазнаёміліся, а потым не хацелі развітвацца. Творчасць аб’ядноўвае!
Выдатна выступіла на фестывалі і Паліна Цыбульская – выхаванка кіраўніка студыі эстраднага вакалу “Элегія” Ірыны Анатольеўны Краўчук. Яна выканала песні “Зажигай!” і “Тайна девичья”.
– Нашым артыстам не было роўных на гэтым цудоўным свяце, – дзеліцца сваімі ўражаннямі кіраўнік танцавальнага калектыву “Кантрасты” Таццяна Дзмітрыеўна Дзекевіч, якая разам з канцэртмайстрам Алай Казіміраўнай Насцечынай суправаджала рабят у паездцы. – Балгары-турысты, якія назіралі за тым, як рэпеціруюць нашы “апрельки”, былі проста зачараваны: “Вы спяваеце, як анёлачкі!” Вельмі ўражваў маштаб фестывалю, удзел у якім прымалі больш за тры тысячы чалавек. Падчас адкрыцця мерапрыемства разам з прадстаўнікамі іншых краін у вялікім шэсці мы ішлі пад сцягам Рэспублікі Беларусь з Новага ў Стары Несебр. А затым спявалі гімн сваёй краіны. “Кантрасты”, а гэта мае малодшыя выхаванцы ад дзевяці да адзінаццаці год, выконвалі два танцы – “Сладкий день” і “Делу – время, потехе – час”.
Як расказала Таццяна Дзмітрыеўна, бацькі дзяцей таксама пастаянна былі ў курсе падзей. Усе фота і відэаматэрыялы яна адразу выкладвала праз Вайбер у “Бяседу”. Дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы мам і татаў, якім педагогі палаца вельмі ўдзячны за разуменне, юныя артысты змаглі накіравацца на фестываль.
– Акрамя выступлення на галоўнай сцэне, мы яшчэ падарылі міні-канцэрт рабятам, якія адпачывалі ў мясцовым аздараўленчым лагеры, – гаворыць Таццяна Дзмітрыеўна. – На памяць пра цудоўны фестываль і выдатны адпачынак шчучынцам застануцца атрыманыя ўзнагароды і сувеніры.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота Таццяны ДЗЕКЕВІЧ.