Рэалізацыя праекта ў дзеянні

У Шчучыне і Варэне прыступілі да практычнай рэалізацыі праекта “Сацыяльная інтэграцыя ўразлівых дзяцей праз мастацтва па абодва бакі літоўска-беларускай мяжы” у рамках трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія-Літва-Беларусь 2014-2020 гады”. Тэрмін рэалізацыі праекта складае 24 месяцы і завяршыцца ў пачатку кастрычніка 2020 года. Дзіцячую школу мастацтваў у Варэне ў бліжэйшы час чакаюць вялікія перамены, зрэшты, як і Шчучынскую ДШМ.

Сумесная заяўка Шчучынскага райвыканкама і адміністрацыі літоўскай Варэны атрымала сафінансаванне з бюджэту Еўрасаюза. Агульная сума сродкаў, неабходных для рэалізацыі праекта, складзе 1,436 мільёна еўра. Да 90 працэнтаў выдаткаў будзе прафінансавана з бюджэту праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва. Для Шчучынскага раёна прадугледжана больш за 338 тысяч еўра.

– З пачатку рэалізацыі праекта ўжо праведзена чатыры сустрэчы па рашэнні пытанняў і абмену вопытам з літоўскімі калегамі - вядучым бенефіцыярам. Падчас сустрэч мы вызначылі асноўныя этапы правядзення будаўнічых работ, а таксама шэраг культурных мерапрыемстваў, якія будзем сумесна праводзіць у бліжэйшы час у рамках рэалізацыі праекта, – расказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т.В. Ганчарук. – У планах правесці мерапрыемствы па навучанні педагогаў і бацькоў сучасным методыкам работы з дзецьмі, арганізаваць сумесныя мастацкія лагеры і фінальную канферэнцыю “Варэна-Шчучын-Варэна”.

Капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі Шчучынскай ДШМ пачаўся 28 чэрвеня, заканчэнне работ плануецца 12 верасня. Пераможцай закупкі па выбары падраднай арганізацыі стала Шчучынская МПМК-167. Будаўнікі выканаюць работы па ўсталяванні пандуса і пашырэнні ўваходнай групы, будуць абуладкаваны туалеты для інвалідаў-калясачнікаў, праведзены рамонт у класах і іншыя мерапрыемствы для камфортнага знаходжання ў школе дзяцей-інвалідаў.

Сумесны ўдзел у рэалізацыі праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва не толькі дасць магчымасць умацаваць сяброўскія сувязі, але і дапаможа пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза зрабіць нешта канкрэтнае і карыснае для павышэння ўзроўню жыцця людзей у суседніх раёнах.

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.