Раённы фестываль беларускай творчасці прайшоў у Шчучынскай ДШМ

У мінулую пятніцу ў Шчучынскай ДШМ прайшоў раённы фестываль беларускай творчасці, удзел у якім прынялі выхаванцы чатырох школ мастацтваў раёна. На фестывалі гучала народная беларуская музыка і творы беларускіх кампазітараў.

Па добрай традыцыі штогод утульная зала ДШМ прымае чароўных дзяўчынак і хлопчыкаў, улюбёных у музыку. На гэтым канцэрце можна пачуць  прыгожыя творы, паглядзець на таленавітых дзяцей і парадавацца іх поспехам. Выхаванцы выходзяць на сцэну, каб паказаць ступень валодання інструментам і атрымаць адабрэнне гледачоў разам з гучнымі апладысментамі.

– Гэты фестываль кожны год арганізоўвае адна з чатырох школ мастацтваў раёна. У гэтым годзе мерапрыемства падрыхтавала Васілішкаўская ДШМ, – расказвае дырэктар Шчучынскай ДШМ Іосіф Іванавіч Сасноўскі. – Выхаванцы старанна рыхтуюцца і вельмі хвалююцца перад выхадам на сцэну. А мы, выкладчыкі, затаіўшы дыханне слухаем тое, чаму змаглі навучыць нашых маленькіх музыкантаў.

Вучні ў чарговы раз прадэманстравалі высокае майстэрства і пацвердзілі прафесіяналізм сваіх настаўнікаў, пакарыўшы гледачоў бездакорным выкананнем твораў. І гэта не дзіўна. Большасць з іх з’яўляюцца лаўрэатамі і пераможцамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

- Займацца музыкай вельмі падабаецца, яна даецца лёгка, - дзеліцца Данііл Чарнавокі, вучань чацвёртага класа акардэона. – Музычную школы я наведваю кожны дзень. Разам з іншымі вучнямі мы ўдзельнічаем у ансамблі “Сонечныя ноткі”, які ўжо не раз атрымліваў перамогі ў розных конкурсах.

Дарэчы, сярод выступоўцаў ёсць дзеці, любоў да музыкі ў якіх - гэта сямейная традыцыя. Руткевіч Ілля і Руткевіч Маргарыта разам займаюцца па класе баяна і робяць гэта з вялікім задавальненнем.

Усе, хто мае дачыненне да ігры на музычных інструментах, ведаюць, колькі вытрымкі, уседлівасці, адказнасці патрабуецца для таго, каб навучыцца граць нават на аматарскім узроўні. А гледзячы на тое, як бегаюць пальцы па клавішах, як плаўна слізгае смык па струнах і якія эмоцыі на тварах вучняў падчас выканання твораў, цяжка ўявіць колькі сіл і часу на гэта выдаткавана.

Пасля заканчэння канцэрта ўсе удзельнікі атрымалі граматы і салодкія падарункі.

Таццяна ГЕРАСІМЧЫК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!