Раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа далучылася да рэспубліканскай дабрачыннай кампаніі “Дзеці ідуць у школу»

– Мы ўсталявалі скрынкі-скарбонкі ў чатырох месцах – ля кніжнага магазіна, Дома гандлю, крамаў “Ластик” і “miX”. А ў сераду разам з валанцёрамі СШ №2 г. Шчучына правялі дабрачынную акцыю на цэнтральным рынку горада і ля гандлёвага цэнтра, – расказвае старшыня раённай чырванакрыжнай арганізацыі Г.С. Мацюк. – Рабяты раздавалі прахожым лісткі-памяткі з просьбай дапамагчы хлопчыкам і дзяўчынкам з мнагадзетных сем’яў і дзецям-інвалідам падрыхтавацца ў школу – набыць для іх пісьмовыя прылады і іншыя рэчы. 
Па словах Галіны Станіславаўны, нашы землякі адгукнуліся на заклік паўдзельнічаць у, так бы мовіць, акцыі добрага сэрца і шчодрай душы. Шчучынцы, выходзячы з пакупкамі з гандлёвых аб’ектаў, клалі ў агульную карзіну альбомы для малявання, ручкі, алоўкі, сшыткі, рукзак і іншыя тавары падобнага асартыменту. Нехта з дзетак, якім патрэбна дабрачынная дапамога, а іх адрасы супрацоўнікам Чырвонага Крыжа падкажуць у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, парадуецца і новаму абутку, які таксама перададзены ў дар. Рабілі свой ўнёсак у дабрачынную справу і індывідуальныя прадпрымальнікі, прадаўцы рынка – апускалі ў скарбонку Чырвонага Крыжа грошы. На гэтыя сродкі будуць набыты школьныя прылады.
Гэтая акцыя – добры ўрок спагады і шчодрасці і для саміх рабят-валанцёраў, пераканана Г.С. Мацюк. Марыю Варэнік, Марту Войтах і іх сяброў яна называе сваімі надзейнымі памочнікамі ў многіх добрых справах. 
Дарэчы, у гэты дзень прадстаўнікі чырванакрыжнай арганізацыі прапаноўвалі прахожым памераць ціск, частавалі пітной вадой.
Акцыя прадоўжыцца да 1 верасня. Далучайцеся!
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!