Арыенцір – на “экстра” і поспех!
Радасная вестка прыйшла гэтымі днямі ў ААТ “Васілішкі”. Начальнік МТК “Галавічполе” В.А. Шэршань удастоены высокай узнагароды – медаля “За працоўныя заслугі”. Мы паспяшаліся павіншаваць Валерыя Аркадзьевіча з добрай нагоды і на прыкладзе гэтага чалавека расказаць сваім чытачам, у чым сакрэт яго прафесіянальнага поспеху і калектыву, якім В.А. Шэршань кіруе з 2009 года.
Дарэчы, менавіта ў 2009-м і ўвялі ў эксплуатацыю малочнатаварны комплекс “Галавічполе”. Гэта была не рэканструкцыя, а будоўля, што называецца, з нуля. Удыхнуць жыццё ў нованароджаны аб’ект даверылі навічку. Не ў сэнсе прафесійнага вопыту: гэтага якраз-такі не бракавала ў працоўнай біяграфіі колішняга выпускніка Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта В.А. Шэршаня. Навічком Валерый Аркадзьевіч быў у Васілішках, бо ў знакаміты аграгарадок на той час толькі-толькі з сям’ёй пераехаў з Мастоўскага раёна, дзе працаваў галоўным заатэхнікам СВК “Мілевічы”. Знайшлася работа па спецыяльнасці і жонцы Алене Генрыхаўне – эканамісту па дыпломе. Сям’я атрымала кватэру. Засталося толькі на справе даказаць, што яны, Шэршані, тут усур’ёз і надоўга, гатовы свае веды, энергію, малады запал матэрыялізаваць у працоўныя дасягненні.
Ужо першыя месяцы работы новага МТК “Галавічполе” паказалі, што кіраўніцтва аграпрадпрыемства зрабіла правільны кадравы выбар.
– Новы малочнатаварны комплекс мы камплектавалі не рагулямі, а цялушкамі. Падбіралі кадры, абучалі новым тэхналогіям, – узгадвае Валерый Аркадзьевіч. – Напачатку хапала і праблем, і цяжкасцей. Не ўсе работнікі вытрымлівалі строгія тэхналагічныя патрабаванні, без якіх проста не бывае аддачы. Але сёння арганізацыя працы на комплексе скрупулёзна адладжана, кожны чалавек у нас – сапраўдны прафесіянал, які не дазволіць сабе схалтурыць, штосьці спрасціць, недарабіць. Выключна высокая якасць дойкі, выдатнае ўтрыманне статка прыносяць поспех. Уявіце сабе, 100 працэнтаў нашага малака паступае на Шчучынскі масласырзавод экстра-класам, гэта значыць, найвышэйшым гатункам! Рэнтабельнасць комплексу за восем месяцаў бягучага года склала 41,7 працэнта.
Такі вынік у рабоце, можна сказаць, унікальны. Прычым сакрэтаў тут не хаваюць, аднак паўтарыць падобнае мала каму ўдаецца.
– Ганаруся нашай камандай, – усміхаецца В.А. Шэршань. – Свайму памочніку А.В. Банцавічу давяраю, як сабе. На вышыні і наша ветэрынарная служба. Урач-гінеколаг Г.Г. Трахімовіч не выпадкова заняў першае месца ў раённым спаборніцтве прафмайстэрства, а ў тэхніка-асемянатара А.А. Каспера на гэтым жа конкурсе другое месца. Моцныя спецыялісты – ветурач комплексу Н.Р. Ясюкайціс і ветаператар А.М. Бартось. Як вядома, вельмі многае залежыць ад высокай свядомасці і майстэрства аператараў машыннага даення. І тут прыкладам для іншых з’яўляюцца З.М. Васюк, А.Б. Якусік, Г.Ф. Канстанчук. Дый увогуле пра кожнага з 23-х чалавек нашага калектыву можна сказаць толькі добрыя, ухвальныя словы.
Галавічпольскія жывёлаводы робяць стаўку на якасць працы, высокую тэхналагічную дысцыпліну, эканамічны вынік, дзякуючы чаму і зарплаты тут высокія. Кожны даражыць сваім рабочым месцам, а трапіць у гэты ўзорны калектыў мараць многія.
– Цяпер пагалоўе дойнага статка ў нас складаецца з 790 рагуль, аднак ужо ў наступным годзе мы плануем павялічыць яго да тысячы галоў. Магчыма, з гэтай мэтай давядзецца правесці рэканструкцыю, – дзеліцца планамі на бліжэйшае будучае начальнік комплексу. – Але гэтыя змены нас толькі радуюць. Дынаміка, развіццё – гэта наш шлях.
Напэўна, такія прафесійныя і жыццёвыя прыярытэты дапамагаюць Валерыю Аркадзьевічу Шэршаню быць на пярэднім краі, упэўнена весці за сабой калектыў і браць усё новыя рубяжы. Мы ад душы жадаем нашаму герою, каб медаль “За працоўныя заслугі” стаў не адзінай дзяржаўнай узнагародай у яго працоўнай біяграфіі.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.
Чытайце таксама: Почётного полку прибыло!
Лекарь почвы
В честь парня из деревни Лагоды на весь мир звучал гимн Беларуси