Прызванне: быць журналістам

Аб рабоце журналістаў, іх асабістым жыцці пішуць вельмі мала. Магчыма, тут вінавата сціпласць карэспандэнтаў. Хаця прыходзілася чытаць такое, што не пакідала раўнадушным. Напрыклад, радкі з верша: “Трое суток не спать, трое суток шагать ради несколько строчек в газете”.

 

З кадрамі ў абласной газеце “Гродзенская праўда”, дзе я працаваў, праблем не было. Але гэтая “старэйшая сястрычка” клапацілася і аб раённых газетах, тым больш, што пры ёй дзейнічала абласная арганізацыя Саюза журналістаў. 

 

Асабліва адчуваўся недахоп галоўных рэдактараў. На ўмацаванне “раёнак” вырашана было паслаць адразу чатырох журналістаў “Гродзенскай праўды”. Не ўсе згаджаліся. Я згадзіўся адразу. Тут паўплывала і тое, што ў гэтым рашэнні падтрымала жонка Надзея Пятроўна. 

 

Газета выходзіла змястоўнай і цікавай. Яе тыраж перавысіў дзесяць тысяч экзэмпляраў. Яго друкавалі ў мясцовай друкарні раёна часта за поўнач. Хвалявала і тэхналогія выпуску газеты. Артыкулы набіраліся на лінатыпе. На гэтай машыне на свінцовых пласцінах адліваўся кожны радок. Пасля такія пласцінкі складваліся адна на адну ў слупкі – і вярсталіся газетныя палосы. Работа была працаёмкай і маруднай. Калі ж пласцінкі рассыпаліся і змешваліся, то іх доўга прыходзілася збіраць.

 

Праз нейкі час газету на месцы толькі макетавалі, а вярсталі і друкавалі ў абласным цэнтры. Макеты туды адпраўляліся ў тубусе аўтобусам. Але праблем узнікала нямала. Некаторыя вадзіцелі аўтобусаў, маршруты якіх праходзілі праз райцэнтр, не хацелі браць тубус. Прыходзілася іх упрошваць. Аднак і адправіўшы макеты, не было ўпэўненасці ў тым, што яны паступяць па назначэнні своечасова. Здаралася, той тубус трапляў у аўтабазу, аблаўтаўпраўленне. Палёгка прыйшла, калі газету сталі адпраўляць для друкавання па мадэме.

 

Кадраў не хапала. Стала відавочным, што іх трэба расціць самім. Так і паступілі. На вучобу пасылалі рабселькораў.

 

У пачатку 90-х гадоў, калі распаўся Савецкі Саюз, цяжка прыйшлося і газетам. Перш за ўсё не хапала паперы для друкавання газеты. Праўда, “Дзянніца” не адчувала гэтага. Яе выручылі кемлівасць, ініцыятыва і напорыстасць кіраўніцтва. Як кажуць, пад самую “завязку” ўдалося закупіць у Кандапожскім камбінаце аж 40 тон паперы ў рулонах па 200-220 кілаграмаў. Заплацілі грошы, якія хутка сталі нікому не патрэбнымі. А газета аказалася ў эканамічным выйгрышы. Праўда,  супрацоўнікі самі шукалі месца для складзіравання паперы, што было няпроста. Самі і транспартавалі тыя рулоны.

 

Усе цяжкасці на газетным шляху ўдавалася пераадольваць дзякуючы таму, што быў “касцяк” журналістаў. Да іх адносіліся Таццяна Палубятка, Ала Фядотава, Ала Бібікава, Ганна Рудская. Не было той, нават самай аддаленай вёсачкі, дзе б ні пабывалі загадчык сельскагаспадарчага аддзела Васіль Юрэвіч і фотакарэспандэнт Сцяпан Яхімчык. Яны прывозілі цікавыя рэпартажы, арганізоўвалі рэйды. Дапамагалі ім у гэтым вадзіцелі Міхаіл Шандроха, Анатолій Палубятка. Нягледзячы на непагадзь, яны дастаўлялі карэспандэнтаў у вызначанае месца.

 

Газета выходзіла своечасова, без затрымак, дзякуючы прафесіяналізму і высокай адказнасці спецыялістаў рэдакцыйнага персаналу Андрэя Цеслюка і Тарэсы Гайдукевіч.

 

Фінансавыя пытанні паспяхова вырашаліся бухгалтарамі Антанінай Клусевіч і Марыяй Сідорка. Не выпадкова, яны значны час працавалі, будучы на пенсіі.

 

І наогул, у кожнага супрацоўніка была магчымасць працаваць, калі дазваляла здароўе, і на пенсіі. Напрыклад, былы галоўны рэдактар Абрам Данілавіч Змудзяк, адказны сакратар, а пасля карэспандэнт Мікалай Валяр’янавіч Сасноўскі, бухгалтар Антаніна Мікалаеўна Клусевіч пайшлі на заслужаны адпачынак у 70 і больш гадоў.

 

Справы наладжваліся. Калектыў не раз выходзіў пераможцам у абласным і рэспубліканскім творчым спаборніцтве. Рэдактар заняў першае месца ў рэспубліканскім конкурсе на лепшую публікацыю на экалагічную тэматыку “Мой родны кут, як ты мне мілы” ў намінацыі “Я сэрцам табе прысягаю” і атрымаў прэмію з рук міністра. Намеснік галоўнага рэдактара Іван Пяшко стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Супрацоўнікі газеты стараліся рабіць газету цікавай, чытабельнай, глыбока патрыятычнай. Яны паспяхова выконвалі сацыяльны заказ.

 

Вялікую дапамогу журналістам аказвалі першы сакратар райкама партыі Віктар Іванавіч Казяк і старшыня райвыканкама Уладзімір Іванавіч Дзем’янкоў. Яны падказвалі актуальныя тэмы. Іх патрабаванні, як правіла, выконваліся на высокім узроўні. У той жа час мы адчувалі ад кіраўнікоў раёна вялікую падтрымку. Дастаткова сказаць, што толькі за некалькі гадоў супрацоўнікі атрымалі чатыры кватэры. Мала дзе такое было магчыма.

 

Сёння я ганаруся тым, што мне давялося працаваць у Шчучынскім, маляўнічым, прыгожым сваімі лясамі, азёрамі і рэкамі, раёне. А галоўнае тое, што тут я пазнаёміўся з цудоўнымі, душэўнымі, спагадлівымі, добразычлівымі людзьмі. З імі я і цяпер падтрымліваю сувязь.

 

Я ўдзячны лёсу, што мне пашанцавала рабіць любімую справу з таленавітым, працавітым, творчым калектывам. Хачу зазначыць, што за дваццаць гадоў сваёй работы галоўным рэдактарам я нікому не зрабіў нават вымовы за той ці іншы ўчынак. Справядліва кажучы, не было за што.

 

 
Цяпер у рэдакцыю прыходзяць маладыя спецыялісты. Я спадзяюся, што атрымаўшы падтрымку ад ветэранаў, пераняўшы іх багаты практычны і жыццёвы вопыт, яны зробяць нашу родную “Дзянніцу” адной з самых цікавых і лепшых газет не толькі ў вобласці, а і ў рэспубліцы.

 

Канстанцін КЛЕБАН, член Саюза журналістаў Беларусі, былы галоўны рэдактар газеты “Дзянніца”.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!