Капсула памяці са свяшчэннай зямлёй перададзена ў музей баявой славы СШ №1 г. Шчучына

Сёння ў гарадскі сквер да помніка воіну-вызваліцелю прыйшлі кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, ветэраны і моладзь, проста нераўнадушныя людзі, якія свята захоўваюць памяць аб гераічных і трагічных падзеях Вялікай Айчыннай. Сабраліся, каб стаць сведкамі і ўдзельнікамі чарговага этапу рэспубліканскай акцыі памяці “У славу Перамогі”.

 

Гэтай падзеі папярэднічала своеасаблівая экспедыцыя, калі з 34-х месц захаванняў герояў і ахвяр мінулай вайны, што пакояцца на тэрыторыі Шчучыншчыны, ва ўрачыста-жалобнай абстаноўцы, з удзелам свяшчэннаслужыцеляў, была ўзята з кожнай магілы жменька зямлі. Яна – сімвалічны прах загінуўшых. Такая шматпакутная зямля, сабраная з усёй Беларусі, будзе захоўвацца на адной прасторы -- у крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску дзеля вечнай малітвеннай памяці. Гэткім чынам аб’яднаюцца ў народнай памяці ўсе тыя, хто цаной свайго жыцця здабыў для нас свабоду і незалежнасць.

 

 

   …Гучаць песні часоў Вялікай Айчыннай вайны. Вядучыя Дзмітрый Паноў і Алена Барэль знаходзяць такія шчымлівыя, прачулыя словы аб подзвігу нашага народа, зачытваюць тое, што вядома пра кожнае пахаванне ці то пад велічным помнікам на брацкай магіле, ці то пад сціплым абеліскам на гарадскіх або вясковых могілках.  

 

 

Тым часам фрагменты свяшчэннай зямлі з месц пахаванняў прадстаўнікі горада Шчучына і рэгіёнаў засыпаюць у спецыяльна ўстаноўленую на пастаменце чашу. Удзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына” ўнеслі капсулу, якую асвяцілі і запоўнілі зямлёй з чашы шчучынскія святары – айцец Аляксандр і ксёндз Ян.

 

 

Капсула памяці ўрачыста перададзена на захаванне ў музей баявой славы СШ №1 г. Шчучына з тым, каб у наступным годзе напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі даставіць яе ў сталіцу нашай Радзімы ў храм-помнік у гонар Усіх Святых.

 

 

 – Гэта вельмі важна – ведаць гераічныя старонкі гісторыі сваёй малой радзімы, -- разважае першы сакратар РК БРСМ Вікторыя Даўгашэя. --  Колькі б гадоў, стагоддзяў не прайшло, але час не павінен сцерці падзеі, даты, веліч подзвігу нашага народа ў цэлым і кожнага чалавека асабіста. Наш абавязак захаваць праўду аб вайне і перадаць эстафету памяці нашым нашчадкам. Менавіта ў гэтым заключаецца сэнс акцыі “У славу Перамогі”.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!