Распачынаем новы праект “Вяртанне да герояў”. Сёння расказваем пра творчую сям’ю Шпорка з вёскі Моцеўцы

Як вядома, у сёлетнім верасні наша газета адзначыць сваё 80-годдзе. Ідучы насустрач юбілею, мы распачынаем новы праект “Вяртанне да герояў”. Як і чым жывуць сёння тыя, пра каго пісала наша газета напрыканцы мінулага стагоддзя або, скажам, 10-15 гадоў назад? Што ў свой час паслужыла інфармацыйным штуршком для падрыхтоўкі матэрыялу? Як паўплывала тая далёкая публікацыя на ажыццяўленне ідэй нашых герояў? Ды ці мала яшчэ пытанняў хацелася б задаць чалавеку, з якім сустрэўся праз столькі летаў і зім?!
Першым адрасам нашай экспедыцыі на “машыне часу” стала вёска Моцеўцы, дзе жыве творчая сям’я Шпорка. Марыя Францаўна з 1975 года на працягу трох дзесяцігоддзяў плённа працавала ў Навагерніцкай бібліятэцы-клубе, а яе муж Мар’ян Баляслававіч – высакакласны цясляр – не толькі майстэрствам рук сваіх уражваў землякоў, але і быў актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці, надзейным памочнікам жонкі ва ўсіх яе крэатыўных пачынаннях. 
Такім яскравым народным вобразам і зараз кіруецца наша гераіня, па прызнанні якой, заўжды жыла і жыве яна для людзей. Гэта пацвердзіць кожны, хто яе ведае. Ці не таму і дэпутатам, і старастам вёскі абіралі сяльчане сваю Марыю. Аднак карэспандэнцыя “Кветку “Руты” знайшла” пад рубрыкай “Наш сучаснік” у “Дзянніцы” № 78 за 1994 год прысвячалася такому феномену, як сямейны фальклорны ансамбль “Рута”, які бярэ свае вытокі яшчэ з 1956 года. З сярэдзіны 70-х і да 2005 года мастацкім кіраўніком гурта была М.Ф. Шпорка.
З гэтай творчай, няўрымслівай жанчынай мы не бачыліся … 28 год, а яна амаль не змянілася! Малажавая, падцягнутая, з усё такой жа добразычлівай, прамяністай усмешкай, Марыя Францаўна запрашае ў дом, вядзе гутарку на прыгожай беларускай мове, з задавальненнем узгадвае ўсё новыя і новыя цікавыя эпізоды. 


 – Не толькі “Дзянніца” праяўляла інтарэс да нашай “Руты” з яе аўтэнтычным рэпертуарам, але і літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук Алег Лойка, вядомы паэт і публіцыст Навум Гальпяровіч, шматлікія тэлежурналісты, – узгадвае шэраг цікавых сустрэч мая суразмоўца. – Ансамбль стаў сапраўднай візітоўкай Навагерніцкай бібліятэкі-клуба, і нас запрашалі на агляды-конкурсы, абласныя фестывалі сямейнай творчасці, на фальклорныя святы ў Літву і нават на Усесаюзны фестываль самадзейнай мастацкай творчасці працоўных у Маскву. А ў 1991-м выпаў гонар у Мінску ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях з нагоды 95-годдзя беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло – аўтаркі верша “Рута”. 
– Ядро ансамбля складалі нашы сваякі, родныя сёстры Лісай – такім было дзявочае прозвішча Марыі, Юзэфы і Ядвігі, а таксама іх мужы, стрыечныя браты з жонкамі. Усяго нас налічвалася 10 удзельнікаў мастацкага калектыву, – працягвае гутарку Мар’ян Баляслававіч Шпорка, які са сваім прыгожым, магутным ды чыстым голасам быў у ліку салістаў. – Між іншым, сёння аксакалу “Руты” Іосіфу Антонавічу Сярко 93 гады, а яго жонцы Марыі Фляр’янаўне за 80! Ці ж гэта не пацвярджэнне, што песня жыццё прадаўжае? 
На змену старэйшаму саставу ансамбля Марыя Францаўна ў свой час падрыхтавала яшчэ адну вакальную групу, з якой аб’ездзілі з канцэртамі ўвесь раён, выступалі на “Дажынках” і народных святах. Загадчыца Навагерніцкай бібліятэкі-клуба сама пісала сцэнарыі, жартаўлівыя сцэнкі, каб праграма была жывой, каларытнай. Вельмі шмат зрабіла М.Ф. Шпорка дзеля адраджэння беларускай культуры не толькі збіраючы мясцовы фальклор, але і стварыўшы ў бібліятэцы этнаграфічны музейчык сялянскага побыту. Усё гэта сагравае душу ўспамінамі, бо Марыя Францаўна вельмі любіла сваю работу і аддавалася ёй цалкам, праводзячы ў клубе ўсе вечары, усе выхадныя. Людзі ахвотна ішлі да яе са сваімі ідэямі і прапановамі, якія рэалізоўвалі разам.
– На жаль, ужо няма культустановы ў Новых Герніках, аднак традыцыі збірацца талакою, гутарыць, падтрымліваць адзін аднаго ў нас захаваліся. Мы і зараз, як сёстры, – узрушана гаворыць энтузіястка пра сваіх колішніх спявачак. – Я.В. Сярко, Я.І. Кулеш, М.Б. Сагайдак, В. Б. Тракайла, А.Б. Унукевіч, мы з мужам хоць сёння гатовы даць канцэрт, на зубок памятаем увесь рэпертуар. 
Між іншым, большасць талентаў гэтай творчай каманды і сёння запатрабаваны. Шчырыя вернікі, яны не проста наведваюць набажэнствы, але спяваюць на хорах у Ішчальнянскім касцёле, а Мар’ян Баляслававіч Шпорка да ўсяго з’яўляецца старшынёй касцельнага камітэта. 
Самае галоўнае, што ў іх дружнай сям’і насамрэч жывуць па хрысціянскіх запаведзях, несучы людзям дабрыню, дапамагаючы адзінокім і састарэлым. Такімі ж спагадлівымі ды чалавечнымі выраслі і дзеці Марыі Францаўны і Мар’яна Баляслававіча. Сын Генадзій жыве ў Гродне, добрасумленна працуе вадзіцелем на прадпрыемстве “Малочны свет”, а дачка Валянціна паспяхова ўзначальвае цэнтр банкаўскіх паслуг № 424 філіяла № 400 Гродзенскага абласнога ўпраўлення ААТ “АСБ Беларусбанка”. Як бы ні былі заняты, аднак не гасцямі наведваюцца ў бацькоўскі дом. І ўнукі выхаваны на сямейных каштоўнасцях. 


Увогуле Марыя Францаўна Шпорка шчодра дзеліцца сваім досведам з маладым пакаленнем. Вучні Галавічполькага дзіцячага сада – сярэдняй школы пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Яніны Станіславаўны Астап паводле яе аповядаў падрыхтавалі навуковую работу “Захаванне аўтэнтычнага песеннага фальклору на прыкладзе дзейнасці сямейнага ансамбля “Рута”. Пад адной вокладкай сабрана ўся гісторыя сямейнага ансамбля, запісаны тэксты аўтэнтычных песен. А напісанае, як вядома, застаецца…
– Гэта ўнікальна, што ўся наша вялікая радзіна свята захоўвае песенную спадчыну роднай старонкі, – падсумоўвае гутарку Валянціна Мар’янаўна Догель, дачка нашых герояў. – І я, як бясцэнны скарб, захоўваю ў сваёй памяці мелодыі і чароўныя словы народных песень, якія спявалі толькі ў нас і спяваюць зараз, сабраўшыся ўлетку на вясковай лавачцы. Нашы Моцеўцы – край добрых людзей і адкрытых сэрцаў, прыгожых традыцый і высокай духоўнасці. 
У аб’ектыўнасці гэтых слоў мы пераканаліся самі, пабываўшы ў гасцінным доме Марыі Францаўны і Мар’яна Баляслававіча Шпорка. Дарэчы, нашых адданых чытачоў і верных прыхільнікаў “Дзянніцы”.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара і з сямейнага архіва.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!