Прававая дапамога і асвета. На базе Шчучынскага РУП ЖКГ прайшоў прафсаюзны прыём грамадзян

На базе Шчучынскага РУП ЖКГ прайшоў прафсаюзны прыём грамадзян. Яго правялі галоўны прававы інспектар Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Аляксандр Пушкоў, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук і пракурор Шчучынскага раёна Алег Вялічка.

 

Фармат падобных мерапрыемстваў прадугледжвае перад асабістым прыёмам грамадзян лекцыю па прававой адукацыі. Гэтым разам з дакладам на тэму “Асаблівасці рэгулявання працы асоб, якія працуюць па сумяшчальніцтве і сумяшчэнні” выступіў Аляксандр Пушкоў.

 

 

Важна адзначыць, што тэрміны “сумяшчэнне” і “сумяшчальніцтва” пры сваім, на першы погляд, падабенстве маюць розныя значэнні. Сумяшчэнне – гэта выкананне работнікам у аднаго і таго ж наймальніка разам са сваёй асноўнай працай дадатковай работы па іншай прафесі альбо пасадзе. Сумяшчальніцтва ў сваю чаргу – гэта выкананне работы ў вольны ад асноўнай працы час у таго самага, альбо іншага наймальніка, на ўмовах асобнай працоўнай дамовы.

 

 

– Праца па сумяшчальніцтве заносіцца ў працоўную кніжку толькі па жаданні работніка, – расказвае Аляксандр Пушкоў. – Варта адзначыць, што заканадаўствам прадугледжаны абмежаванні для сумяшчальніцтва па некаторых прафесіях і пасадах. Напрыклад, суддзям сумяшчальніцтва на камерцыйнай аснове, акрамя навуковай і выкладчыцкай дзейнасці, забаронена. Тое ж самае тычыцца і іншых дзяржаўных служачых. Таксама кіраўніку арганізацыі забаронена працаваць па сумяшчальніцтве на пасадзе галоўнага бухгалтара гэтай жа арганізацыі.

 

Потым разам з прысутнымі, спікеры абмеркавалі адрозненні кантрактнай формы найму і працоўнай дамовы.

 

 

Пасля лекцыі па прававой адукацыі ўсе жадаючыя ў індывідуальным парадку змаглі звярнуцца да спецыялістаў з пытаннямі. Грамадзян цікавілі нюансы выкарыстання старых жыллёвых чэкаў, таксама быў дадзены адказ на пытанне аб грашовых унёсках у грамадскія арганізацыі, іх размеркаванні і выкарыстанні.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!