Прафсаюзная дзейнасць на карысць работнікаў. На базе Шчучынскага філіяла РСУП “Гродзенскае племпрадпрыемства” адбыўся справаздачна-выбарчы сход пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі
У пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі РСУП “Гродзенскае племпрадпрыемства” адбыўся справаздачна-выбарчы сход. Мерапрыемства прайшло на базе Шчучынскага філіяла і сабрала прадстаўнікоў Гродзенскага племпрадпрыемства з усіх раёнаў нашай вобласці. Акрамя кіраўніцтва арганізацыі, удзел у сходзе ўзяў старшыня Гродзенскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Рамуальд Юроўскі.
Падчас справаздачна-выбарчага сходу былі падведзены вынікі працы прафсаюзнай арганізацыі за пяцігодку. Заслуханы даклады старшыні прафкама і рэвізійнай камісіі. Адкрытым галасаваннем работа прафсаюзнага камітэта за справаздачны перыяд прызнана здавальняючай.
У сваім выступе перад членамі працоўных калектываў Рамуальд Юроўскі расказаў пра дзейнасць абласной арганізацыі галіновага прафсаюза, выказаў прысутным падзяку за моцную жыццёвую і грамадскую пазіцыю. Адзначыў актыўны ўдзел членаў прафсаюза ў нядаўняй электаральнай кампаніі. Акрамя таго, вялікая ўвага падчас сходу была звернута на праблемныя моманты, асноўным з якіх апошнім часам з’яўляецца вытворчы траўматызм.
– У 2023 годзе ў нашай вобласці адбыўся рост траўматызму ў сельскай гаспадарцы, – адзначае Рамуальд Юроўскі. – Таму сёлета мы павінны стабілізаваць гэту праблему і прыйсці да добрых вынікаў. Вядома, што цалкам пазбегнуць траўм складана. Але рост траўматызму ў перадавой у аграрным плане Гродзенскай вобласці недапушчальны. Прычыны гэтага розныя, у сарака працэнтах выпадкаў вінаватыя самі людзі, якія не прытрымліваюцца правілаў бяспекі, хаця ведаюць іх. Каля трыццаці пяці працэнтаў няшчасных выпадкаў адбываецца па віне кіраўнікоў, якія не змаглі ў поўным аб’ёме стварыць добрыя ўмовы працы. Калі мы зможам вырашыць гэтую праблему, то наш абласны прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу будзе лепшым у краіне па ўсіх паказчыках. Зараз да гэтага мы і імкнёмся.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.