Прававая дапамога побач. На базе ААТ “Шчучынаграпрадукт” прайшоў прафсаюзны прыём грамадзян
На базе ААТ “Шчучынаграпрадукт” прафсаюзны прыём грамадзян правялі галоўны прававы інспектар Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Шышко, старшыня Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук і намеснік пракурора Шчучынскага раёна Дзмітрый Гайдукевіч.
Згодна з фарматам, мерапрыемства пачалося з лекцыі па прававой адукацыі насельніцтва. Гэтым разам спікеры звярнулі ўвагу на тэму прадастаўлення работнікам працоўных і сацыяльных водпускаў.
Дзмітрый Гайдукевіч выступіў з дакладам аб тэлефонных, інтэрнэт-злачынствах і падрабязна спыніўся на тэме махлярства:
– На тэрыторыі Гродзенскай вобласці адбыўся імклівы рост інтэрнэт-махлярстваў. Пры гэтым 85% ад агульнай колькасці махлярстваў здзяйсняюцца з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт альбо шляхам званкоў пад выглядам супрацоўнікаў праваахоўных органаў ці банкаўскіх устаноў. Распаўсюджанне атрымлівае схема, пры якой махляры просяць устанавіць на тэлефон спецыяльны дадатак, нібы для лепшай абароны, аднак ім аказваецца праграма дыстанцыйнага доступу і кіравання, з дапамогай якой злачынцы без цяжкасцяў могуць перавесці вашы грошы на свой рахунак.
Пасля выступу спікераў усе, хто меў патрэбу, змаглі атрымаць дапамогу ад спецыялістаў. Людзей цікавілі пытанні, звязаныя з парадкам прыцягнення работнікаў да працы ў выхадныя дні без згоды работніка. Таксама закранулі тэму скарачэння працоўнага дня напярэдадні дзяржаўнага свята работнікам, якія працуюць у рэжыме няпоўнай стаўкі.
Таксама падчас прафсаюзнага прыёму паступіў тэлефонны зварот ад былога работніка арганізацыі, пенсіянера, інваліда 2-й групы аб аказанні яму дапамогі ў набыцці сродкаў рэабілітацыі. Пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй гэтае пытанне было ўзята на кантроль. Будуць разглядацца варыянты аказання дапамогі.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота з архіва Юрыя Пашука.