Экскурсія разам з прафсаюзам. Шчучынцы далучыліся да акцыі “Прафсаюз за турызм”

 

Сёлета 75-годдзе адзначае Гродзенскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў.  З гэтай нагоды ва ўсіх раёнах рэгіёна праходзіць юбілейная дэкада, у рамках якой праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы. Адно з такіх – акцыя “Прафсаюз за турызм”, якая нядаўна прайшла ў Шчучыне.

 

Часта, шпацыруючы па цэнтральных вуліцах нашага горада, незнарок адзначаеш прыгажосць і ўтульнасць Шчучына. Выдатная архітэктура спалучаецца з цікавымі гістарычнымі помнікамі і радуе вока. Аднак наўрад ці многія жыхары нашага горада задумваюцца аб гісторыі гэтых аб’ектаў. Таму экскурсія па райцэнтры, арганізаваная ў рамках акцыі “Прафсаюз за турызм”, сабрала нямала цікаўных, у прыватнасці, прафсаюзны актыў раёна, маладых спецыялістаў і іншых неабыякавых да гісторыі жыхароў горада.

 

 

Разам з акрэдытаваным экскурсаводам і настаўніцай гісторыі гімназіі г. Шчучына Аленай Лісоўскай група прайшла па самых цікавых турыстычных аб’ектах. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся пра першы пісьмовы ўспамін аб горадзе і яго паступовае развіццё, пра яго знакамітых уладальнікаў і жыхароў. Пачынаючы свой маршрут ад вежы-гадзінніка, экскурсія ахінула старыя гандлёвыя рады, царкву Святога Міхаіла Арханёла і касцёл Святой Тэрэзы, кляштар ордэна піяраў і больш чым двухсотгадовы дуб-старажыл. Бадай нікога не пакінуў абыякавым расказ Алены Лісоўскай аб лёсе горада і яго жыхароў у часы Вялікай Айчыннай вайны. Таксама ўдзельнікі экскурсіі даведаліся шэраг цікавых фактаў, напрыклад, пра вузкакалейную чыгунку, якая праходзіла раней праз Шчучын.

 

 

Падрабязней пра акцыю “Прафсаюз за турызм” нам расказаў старшыня Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук:

 

–  Акцыя “Прафсаюз за турызм” праходзіць па ўсёй вобласці і мае на мэце паказаць зацікаўленым людзям прыгажосць і гісторыю горада, у якім яны жывуць. Канечне, многія шчучынцы ведаюць нашы славутасці, але гісторыю гэтых аб’ектаў дасканала вывучаюць нямногія, таму ўпэўнены, што гэтае мерапрыемства было для іх цікавым.

 

 

Напрыканцы экскурсіі сярод яе ўдзельнікаў была праведзена невялікая віктарына. Самых уважлівых і цікаўных да гісторыі нашага горада адзначылі сувенірамі ад аб’яднання прафсаюзаў.

 

– Шчыра кажучы, было вельмі прыемна бачыць, што так многа шчучынцаў зацікавіліся гісторыяй горада і прыйшлі на экскурсію, – адзначыла Алена Лісоўская. – З такой вялікай групай мне яшчэ не даводзілася працаваць, таму было крыху складана, але разам з тым і радасна. Калі людзям цікавы горад, у якім яны жывуць, – гэта выдатна. Тым больш, што Шчучын у плане гісторыі і краязнаўства з’яўляецца багатым і асаблівым месцам.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!