Пра навуку і не толькі. У Шчучыне прайшоў адзіны дзень інфармавання

 

19 студзеня ў нашым раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Прадстаўнік абласной інфармацыйнай групы рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, прафесар, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Георгіевіч Жук разам з раённай інфармацыйнай групай на чале са старшынёй Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганнай Станіславаўнай Хвядзюк сустрэліся з працоўнымі калектывамі гімназіі і СШ № 1 горада Шчучына. Мерапрыемства прайшло ў актавай зале гімназіі.

 

Адзіны дзень інфармавання быў прысвечаны Дню беларускай навукі і прайшоў па тэме “Прыярытэты і асноўныя дасягненні беларускай навукі. Навукова-тэхналагічная бяспека”.

 

 

Падчас свайго выступу Ігар Жук расказаў слухачам пра асноўныя дасягненні беларускай навукі, звярнуўшы асаблівую ўвагу на дасягненні ў сферы медыцыны:

 

– Медыцына нашай краіны знаходзіцца на перадавых пазіцыях. Высокага ўзроўню развіцця дасягнула транспланталогія. У Беларусі выконваецца больш за 500 перасадак органаў за год. Па колькасці трансплантацый органаў і тканак на душу насельніцтва наша краіна ўваходзіць у дзясятку лепшых краін свету.

 

Таксама Ігар Жук зрабіў акцэнт на дзейнасці Гродзенскага абласнога кардыялагічнага цэнтра, які абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Ужо пяты год запар кардыялагічны цэнтр прызнаецца лепшым у краіне. На яго базе праводзіцца амаль ўвесь комплекс аперацый на сэрцы. Спікер расказаў пра будаўніцтва ў Гродне сучаснага анкалагічнага цэнтра, які дазволіць пацыентам атрымаць высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу ў поўным аб’ёме. Не абышоў Ігар Жук увагай змены ва ўступнай кампаніі ў ВНУ, якія ён растлумачыў на прыкладзе Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, адказаўшы на пытанні, якія ўзніклі па гэтай тэме.

 

 

Важныя тэмы закранулі і іншыя выступоўцы. Так, часова выконваючы абавязкі па пасадзе намесніка начальніка, начальнік крымінальнай міліцыі РАУС Раман Далідзік асвятліў важную праблему – замах на палавую недатыкальнасць непаўналетніх.

 

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі давёў да слухачоў інфармацыю аб сацыяльнай палітыцы дзяржавы, якая накіравана на падтрымку людзей з інваліднасцю.

 

Пра актуальныя ў зімні перыяд правілы пажарнай бяспекі і бяспекі на вадаёмах расказаў прысутным намеснік начальніка Шчучынскага РАНС Артур Малмыга.

 

 

Напрыканцы сустрэчы Ганна Хвядзюк падвяла вынікі размовы, падзякавала прысутным за работу, пажадала поспехаў у 2023 годзе.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!