Поле – хоць каціся

У Шчучыне працягваецца будаўніцтва міні-футбольнай пляцоўкі на стадыёне сярэдняй школы № 1. На гэтым тыдні футбольнае поле засцілаюць сучасным штучным пакрыццём.

 

 

Спартыўная пляцоўка будуецца ў рамках рэспубліканскага сацыяльнага праекта “Bonfesto – дзецям”, які ў нашым раёне сумесна рэалізуецца Тураўскім малочным камбінатам, Беларускай федэрацыяй футбола і Шчучынскім раённым выканаўчым камітэтам. Сродкі на пакупку і ўкладку штучнага пакрыцця выдзеліў Тураўскі малочны камбінат.

 

Для таго, каб пакласці сінтэтычнае пакрыццё, у Шчучын прыехалі спецыялісты гомельскай кампаніі “Тален Групп”. Гэтае прадпрыемства – адзіны на тэрыторыі Беларусі вытворца штучных спартыўных пакрыццяў. Праца брыгады “Тален Групп” складаецца з укладкі штучнай травы на загадзя падрыхтаваную дрэнажную падушку. Потым уклейваюцца лагатыпы і футбольная разметка. Пасля ўсяго гэтага сінтэтычная трава падсыпаецца сантыметровым слоем кварцавага пяску. Гэта робіцца для таго, каб у працэсе эксплуатацыі поле менш пашкоджвалася.

 

 

Кіраўнік брыгады спецыялістаў “Тален Групп” Іван Кулажанка расказаў аб перавагах сінтэтычнага пакрыцця:
– Штучнае пакрыццё такога тыпу шырока запатрабавана, бо гуляць на ім можна ў любую пару года. За мінулы месяц мы заслалі міні-футбольныя пляцоўкі ў Лагойску, Старобіне, Глуску, Клецку, а зараз прыехалі ў Шчучын. Такое сінтэтычнае пакрыццё можа праслужыць 15 гадоў і нават больш. Галоўнае – даглядаць яго і своечасова падсыпаць пяском месцы, якія найбольш вытоптваюцца. У першую чаргу гэта тычыцца штрафных пляцовак.

 

 

Наступны этап будаўніцтва міні-футбольнай пляцоўкі – узвядзенне вакол гульнявога поля агароджы. Гэтыя працы будуць фінансавацца Беларускай федэрацыяй футбола.

 

 

Аб тэмпах будаўніцтва спартыўнага аб’екта нам расказаў кіраўнік ДУ “Шчучынскі раённы цэнтр для забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый і дзяржаўных органаў” Іван Гваздоўскі:    

 

– Будаўніцтва пляцоўкі ідзе па плане. Спачатку райвыканкам сіламі Шчучынскай ПМК-167 зрабіў дрэнажную пляцоўку пад міні-футбольнае поле. Зараз нам пашанцавала з надвор’ем, таму спецыялісты з Гомеля на гэтым тыдні пакладуць штучнае пакрыццё. Потым застанецца ўзвесці агароджу і паставіць вароты, гэтым зоймецца Беларуская федэрацыя футбола. Думаю, што да канца кастрычніка ўсе будаўнічыя працы будуць скончаны і дзеці змогуць ацаніць новы спартыўны аб’ект.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!