Пазітыўныя эмоцыі, зарад адрэналіну і дух спаборніцтва – менавіта так прайшоў сямейны фестываль “Мама, тата, я – футбольная сям’я!”
Сапраўднае свята футболу адбылося ў суботу на гарадскім стадыёне “Алімп” у Шчучыне. Пазітыўныя эмоцыі, зарад адрэналіну і дух спаборніцтва – менавіта так прайшоў сямейны фестываль “Мама, тата, я – футбольная сям’я!”
Сёлета за званне самай футбольнай прыехалі паспрачацца 50 сем’яў не толькі са Шчучынскага, але і з Гродзенскага, Мастоўскага, Слонімскага і Ваўкавыскага раёнаў, былі нават госці з Расіі. Таму маем поўнае права назваць мерапрыемства міжнародным. “Мама, тата, я – футбольная сям’я!” праходзіць у Шчучыне з 2018 года і цікавасць да гэтага мерапрыемства з кожным разам толькі ўзрастае.
Па рэгламенце мерапрыемства ўсе ўдзельнікі дзеляцца на каманды. Так, таты гуляюць з татамі, а мамы з мамамі. У сваю чаргу дзіцячыя каманды падзяляюцца на тры ўзроставыя катэгорыі. Пасля кожнага матчу, у залежнасці ад яго вынікаў, ігракі зарабляюць ачкі. Па выніках фестывалю перамагае тая сям’я, члены якой набралі найбольшую колькасць гэтых ачкоў.
І вось гучыць стартавы свісток. Уся ўвага на поле! Першымі мацнейшага вызначаюць дзеці. Нягледзячы на даволі юны ўзрост, хлопчыкі і дзяўчынкі, не шкадуючы сілаў, праводзяць хуткія атакі, імкліва прарываюцца па флангах і абараняюцца камандай. Усё гэта адбываецца пад бесперапынныя апладысменты і воклічы падтрымкі ад балельшчыкаў. Далей цуды футболу паказваюць ужо таты, іх напору можна толькі пазайздросціць. Завяршалі ж турнір мамы, якія паказалі сапраўды элегантную гульню.
Па выніках спаборніцтваў, набраўшы 220 балаў, самай футбольнай стала сям’я Набокавых са Шчучына, на другім месцы размясцілася сям’я Кавальчукоў, таксама са Шчучына, а замыкала п’едэстальную тройку сям’я Міхно з Ваўкавыска.
Варта адзначыць, што падарункі атрымалі не толькі прызёры фестывалю. Усім сем’ям былі ўручаны футбольныя мячы ад Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”
Сваімі эмоцыямі ад фестывалю падзяліўся глава сямейства чэмпіёнаў Адрэй Набокаў:
– Вельмі рады, што перамаглі. Наша сям’я ўжо пяты год удзельнічае ў гэтым фестывалі, былі нават на такіх спаборніцтвах у Мінску. Дзецям вельмі падабаецца тут, бо яны заводзяць новыя сяброўствы і атрымліваюць шмат пазітыўных эмоцый. Радуе таксама масавасць мерапрыемства і яго добрая арганізацыя.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.