Пляжны спорт пашырае межы: у Шчучыне з’явілася пляцоўка для гульні ў пляжны валейбол

 

На мінулым тыдні на карце Шчучына з’явіўся чарговы спартыўны аб’ект – пляцоўка для гульні ў пляжны валейбол. Першымі яе апрабавалі ўдзельнікі адкрытага чэмпіянату Шчучынскага раёна па пляжным валейболе, які прайшоў у мінулую нядзелю.

 

Ідэя пабудовы спецыяльнай пляцоўкі для пляжнага валейбола шчучынцам прыйшла ўжо даўно, бо нашы землякі штогод удзельнічаюць у чэмпіянатах вобласці па гэтым відзе спорту. Таксама трэба адзначыць, што ў раёне добра развіты такі кірунак пляжнага спорту, як футбол. У гэтым сезоне “Шчучын” стаў срэбным прызёрам чэмпіянату і кубка Беларусі па пляжным футболе, што робіць нашу каманду адной з найлепшых у краіне. Таму з’яўленне добрай інфраструктуры для пляжнага валейбола ў Шчучыне – гэта лагічны крок на шляху да паляпшэння вынікаў у гэтым спорце і яго папулярызацыі.

 

 

Пляцоўку атрымалася зрабіць дзякуючы намаганням аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта, а таксама дзяржаўнай установе “Авіятар”. Актыўную ролю ў будаўніцтве спартыўнага аб’екта адыграў дырэктар “Авіятара” Валянцін Галамбоўскі, які і стаў галоўным натхняльнікам і рэалізатарам гэтай ідэі.

 

Адкрыццё пляцоўкі прайшло самым лепшым чынам, таму што гэтай падзеі быў прысвечаны адкрыты чэмпіянат Шчучынскага раёна па пляжным валейболе. Так, спартсмены змаглі і якасць спартыўнага аб’екта ацаніць, і паўдзельнічаць у спаборніцтвах.

 

Сёлета гэты чэмпіянат сабраў шэсць калектываў са Шчучыншчыны і па адным з Мастоўскага і Гродзенскага раёнаў. Варта адзначыць, што каманды ў пляжным валейболе складаюцца з двух гульцоў, таму ў гэтым спорце вельмі важна разумець свайго партнёра.

 

 

Цёплы пясочак і лёгкая музыка стваралі атмасферу сапраўднага спартыўнага свята. Сяброўская абстаноўка панавала на пляцоўцы і за яе межамі, нягледзячы на тое, што кожная з каманд жадала перамагчы ў турніры. Спаборніцтвы працягваліся каля шасці гадзін, за гэты час сонейка то хавалася за хмары, то зноў грэла сваімі промнямі спартсменаў, пару хвілін імжэў дожджык. Было бачна, што гульцы пад канец турнірнага дня былі ўжо крыху стомленыя, аднак на гульні гэта не адбівалася, а падачы былі ўсё такія ж моцныя.
Прызавыя месцы турніру размеркаваліся наступным чынам. На трэцюю п’едэстальную прыступку падняўся шчучынскі дуэт Сяргея Роўбуця і Артура Малмыгі. Другое месца было таксама за нашымі землякамі Арцёмам Новікам і Алегам Федулевічам. А вось пераможцамі спаборніцтваў сталі госці з Абухава Гродзенскага раёна – Максім Тамковіч і Арцём Кімяжук. Варта адзначыць, што абухаўская валейбольная школа з’яўляецца адной з наймацнейшых у краіне, што і даказалі яе прадстаўнікі на гэтым турніры.
Адзначыў добрую якасць новай пляцоўкі і перспектывы пляжнага валейбола ў Шчучыне старшыня раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Віктар Струкель:

 

 

– Добра, што такая пляцоўка з’явілася ў нашым горадзе. Недзе тры гады таму мы ўжо праводзілі чэмпіянат па пляжным валейболе, але магу сказаць, што цяпер нашы турніры выйдуць на абсалютна новы ўзровень. Плануецца таксама развіваць у раёне не толькі мужчынскі, але і жаночы валейбол. Спадзяваюся, што турніры па пляжным валейболе стануць традыцыяй і будуць праводзіцца кожны год. Толькі трэба будзе іх праводзіць раней, можа, у пачатку лета, каб турніры супадалі з трэніроўкамі перад чэмпіянатамі вобласці.
Такім чынам пляжны спорт пашырае свае межы ў нашым раёне. Спадзяваемся, шчучынцы палюбяць пляжны валейбол так, як некалі ўпадабалі і футбол. Хто ведае, магчыма, у будучым наш горад стане беларускай сталіцай летніх відаў спорту.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!