У добры шлях! Для выпускнікоў Васілішкаўскай сярэдняй школы прагучаў апошні школьны званок

 

У святочнай атмасферы прагучаў апошні званок для вучняў Васілішкаўскай сярэдняй школы. Малодшыя класы з радасцю ў вачах сыходзяць на доўгачаканыя летнія канікулы, а выпускнікі з сумам і добрымі ўспамінамі аб школе пачынаюць шлях у дарослае жыццё.

 

 

Права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было дадзена лепшым выпускнікам школы – Маргарыце Навіцкай, Анастасіі Стасюкевіч, Ксеніі Дырліцы, Яне Кімашэўскай і Валерыі Панасевіч.

 

 

На лінейку ў Васілішкі завіталі ганаровыя госці. Асаблівым візіт у Васілішкі стаў для намесніка старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяны Цюсінай, якая не так даўно працавала ў сценах гэтай школы. Яна выступіла з віншаваннем да школьнікаў, бацькоў і настаўнікаў:

 

– Дарагія ўдзельнікі сённяшняй лінейкі! Складана падабраць словы для віншаванняў з гэтым светлым і адначасова сумным святам. Я гляджу на выпускнікоў і разумею, што для іх сёння не звычайны дзень, а сур’ёзны пункт на вялікім жыццёвым шляху. Наперадзе ў вас лета адказных рашэнняў, сур’ёзнага выбару. Хочацца пажадаць цудоўным выпускнікам, каб яны зрабілі правільны выбар, які будзе адлюстроўваць іхнія мары і памкненні. Дарагія выпускнікі, я жадаю вам быць патрыётамі нашай цудоўнай краіны. Памятайце, што на малой радзіме вас любяць і чакаюць, і я маю на ўвазе не толькі Шчучыншчыну, а таксама Васілішкі. Тут вас заўсёды прымуць і дапамогуць уладкавацца і годна жыць. Я хачу падзякаваць вашым бацькам за тое, што выхавалі разумных і добрых дзяцей, я ведаю іх, таму магу з упэўненасцю так казаць. Дзякую педагогам Васілішкаўскай школы за тое, што яны на высокім узроўні выконваюць свае абавязкі. Вы ўклалі ў сваіх вучняў самае галоўнае – сваё сэрца. Светлага шляху выпускнікам, у вас усё будзе выдатна. Са святам!

 

 

Як адзначыла дырэктар школы Анжэла Турэвіч, у Васілішках створаны камфортныя ўмовы для адукацыі і ўсебаковага развіцця дзяцей. Напрыклад, у гэтым навучальным годзе дзякуючы падтрымцы райвыканкама ў Васілішкаўскую школу былі закуплены новы камп’ютарны клас і мікраскопы для кабінета біялогіі. Таксама ў сценах навучальнай установы з’явіліся сучасная інтэрактыўная панэль і кацёл для сталовай. На ўсё гэта з бюджэту было выдаткавана каля 36000 беларускіх рублёў. Таксама вялікую дапамогу школе аказвае ААТ “Васілішкі” і Васілішкаўскі сельвыканкам.

 

Вядома, лінейка не абышлася без узнагароджвання лепшых вучняў. Сёлета васілішкаўскія школьнікі выдатна праявілі сябе на алімпіядах і навуковых конкурсах. Шмат узнагарод навучальнай установе прынеслі і спартсмены, якіх таксама адзначылі сёння.

 

 

Цёплыя словы падзякі настаўнікам выказалі адзінаццацікласнікі, якія былі галоўнымі дзеючымі асобамі свята. Пад прыгожую музыку яны танчылі вальс, спявалі песні, расказвалі вершы і дарылі падарункі першакласнікам. З цёплымі пажаданнямі і павучальнымі прытчамі праводзілі ў дарослае жыццё выпускнікоў іх класны кіраўнік Ірына Захарка і першая настаўніца Ганна Вашчыла.

 

 

Напрыканцы мерапрыемства прагучаў апошні званок, які стаў своеасаблівым сімвалам пачатку новай главы жыцця выпускнікоў. Для астатніх жа школьнікаў пачынаюцца канікулы, падчас якіх яны адпачнуць і набяруцца сілаў, каб у верасні зноў прыйсці ў школу па веды.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.  

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!