Пераможны кубак зноў у ражанкаўцаў! У Шчучыне прайшлі фінальныя спаборніцтвы ХХІІІ круглагадовай спартакіяды

Сімвалічна, што ў Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту ў Шчучыне на гарадскім стадыёне “Алімп” прайшлі фінальныя спаборніцтвы ХХІІІ круглагадовай спартакіяды, на якіх 11 каманд абаранялі гонар сваіх сельсаветаў. Цёпла прывітаў прысутных загадчык сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І.В. Гваздоўскі. Павіншавала спартсменаў з прафесійным святам і пажадала перамогі мацнейшым старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк. Пад мелодыю дзяржаўнага гімна прадстаўнікі каманды Ражанкаўскага сельсавета, якая стала пераможцам мінулай спартакіяды, узнялі сцяг.

З прыемнай місіяй завітала на стадыён “Алімп” і старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі  і навукі Г.В. Вашчыла. Шэраг выкладчыкаў фізічнай культуры і здароўя былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі як абласнога, так і раённага камітэта прафсаюза. А Ганна Станіславаўна Хвядзюк уручыла Пісьмы падзякі ад раённай улады тым трэнерам, якія ўжо ў гэтым годзе падрыхтавалі прызёраў рэспубліканскіх спаборніцтваў. Сярод узнагароджаных -- дырэктар ДЮСШ В. Ю. Шымановіч, трэнеры І.І. Васюк, Г.А. Байчароў,А.А. Павядайка, В.Я. Панімаш, настаўнікі Васілішкаўскай і Орлеўскай школ  Г.М. Рушніцкі і У.У. Хелскі, іншыя.  

 Адметнасцю сёлетняга спартыўнага свята стала тое, што на мерапрыемства з Мінска прыехаў ганаровы госць – наш зямляк Аляксандр Эдмундавіч Вярцінскі, які працяглы час узначальваў упраўленне арганізацыйнай работы Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, выйшаў у адстаўку ў статусе служачага дзяржаўнага апарату першага класа, але ўсё жыццё сябраваў са спортам. Для яго, жыхара сталіцы, паняцце “малая радзіма” заўжды значыла і значыць вельмі многае.

 Аляксандр Эдмундавіч не хаваў сваёй радасці ад сустрэчы з землякамі, узгадаў той час свайго юнацтва, калі працаваў настаўнікам фізічнай культуры ў Сарокінскай школе, расказаў пра спартыўныя традыцыі 70-х і нават назваў прозвішчы выкладчыкаў і юных спартсменаў, на якіх трымалася спартыўная моц прынёманскага краю. У свой час А.Э. Вярцінскі ўсе адметныя падзеі “зафіксаваў” на старонках альбома, дзе скрупулёзна сабраны фотаздымкі, газетныя публікацыі, дакументы. Гэту своеасаблівую гістарычную хроніку ганаровы госць уручыў дырэктару ДЮСШ г. Шчучына В.Ю. Шымановічу. Падораны альбом, як было запэўнена, стане кропкай адліку для стварэння будучага музея, прысвечанага спартыўнаму жыццю Шчучыншчыны.

 І вось распачынаюцца самі спаборніцтвы. Варта адзначыць, што спартакіяда стартавала яшчэ напачатку года, а традыцыйна ў маі падводзяцца яе вынікі. Фінішныя гульні ўключалі ў сябе міні-футбол, рускія шашкі, дартс, лёгкую атлетыку, гіравы спорт, перацягванне каната.

Спартыўныя страсці не на жарт кіпелі на імправізаваным рынгу, дзе мераліся сіламі гіравікі. Па-сапраўднаму ўразіла выступленне Леаніда Васільчыка з каманды Ражанкаўскага сельсавета. За 8 хвілін ён падняў 24-кілаграмовую гіру 170 разоў, стаўшы неаспрэчным чэмпіёнам! Леанід Леанідавіч неаднаразова абараняў гонар Шчучыншчыны на абласных спаборніцтвах і заўжды быў у ліку лідараў.

 З асаблівым азартам сапернічалі і адзінаццаць сямейных каманд. Як жа перажывалі малышы за сваіх бацькоў, як самі стараліся падчас эстафеты, спаборніцтваў на меткасць, лоўкасць і кемлівасць! Няпроста, скажу я вам, было вызначыць лепшых, але ўсё ж не знайшлося роўных ражанкаўскай сям’і Здановіч. На другім месцы сямейная каманда Габіс з Васілішак, а на трэцім – Сухоцкія з Лядскага сельсавета. Першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Цынгалёва з задавальненнем уручыла “цёплыя падарункі” (коўдры) пераможцам, пажадаўшы ўсім браць прыклад з гэтых дружных, згуртаваных спартыўных сем’яў.

Багата было ўзнагарод для спартсменаў – дыпломаў ды медалёў – і ў іншых намінацыях. А вось кубкі для каманд-пераможцаў па традыцыі ўручыў старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Г.Ф. Шандроха. Найбольш ачкоў па выніках спартакіяды зноў набрала каманда Ражанкаўскага сельсавета. Другое і трэцяе месцы занялі адпаведна каманды Дэмбраўскага і Жалудоцкага сельсаветаў.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!