Пераемнасць парламенцкіх традыцый. У Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі прайшла сустрэча выпускнікоў Моладзевага парламента

 

Зусім хутка па ўсёй краіне пройдуць вечары сустрэчы выпускнікоў. З гэтай нагоды ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі прайшла ўнікальная “Сустрэча-эстафета “ЗА#ДЕЛО!” У рамках мерапрыемства сённяшнія дэпутаты Маладзёжнага парламента пры Шчучынскім раённым Савеце дэпутатаў сустрэліся са сваімі былымі калегамі – выпускнікамі школ і гімназіі нашага райцэнтра.

 

Акрамя маладых парламентарыяў на сустрэчы прысутнічалі ганаровыя госці: старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, намеснік старшыні Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў і куратар Маладзёжнага парламента Уладзімір Дубок, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Шчучынскага ПТДіМ і куратар Маладзёжнага парламента Вікторыя Шылко, першы сакратар Шчучынскага раённага камітэта БРСМ Віталія Селівончык, дэпутат Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Арцём Даўгоўскі. Таксама ўдзел у мерапрыемстве бралі прадстаўнікі педагагічнай супольнасці, куратары Маладзёжнага парламента ва ўстановах адукацыі раёна.

 

 

З прыві­таль­ным словам выступіла Ганна Хвядзюк:

 

– Я вельмі рада бачыць усіх гэтым добрым студзеньскім днём. Я рада, што ў вас атрымалася наведаць гэту сустрэчу, каб пакласці пачатак добрай традыцыі сустрэчы выпускнікоў Маладзёжнага парламента. Сёння выпускнікі розных гадоў падзеляцца ўспамінамі аб сваёй дзейнасці ў Маладзёжным парламенце, сустрэнуцца са сваімі настаўнікамі. Спадзяваюся, што мы абмяркуем актуальныя пытанні і выкажам ідэі, якія дапамогуць развіць дзейнасць Маладзёжнага парламента на карыць нашага раёна.

 

За кубкам гарбаты прысутныя абмеркавалі працу Маладзёжнага парламента, звярнулі ўвагу на грамадскія ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця ў нашым раёне.

 

Парадавалі гасцей мерапрыемства музыкальныя нумары ад выхаванцаў узорнай студыі “Апрель” Яраславы Ярмак і Вікторыі Маскевіч.

 

 

Выпускнікі парламента ахвотна расказалі аб сваёй вучобе ў ВНУ, падзяліліся карыснымі парадамі пра студэнцкае жыццё. Важнай тэмай для абмеркавання стаў актуальны для ўсіх вучняў старэйшых класаў выбар будучай прафесіі. Была агучана ідэя стварэння суполак па прафарыентацыі, у якіх студэнты з нашага раёна маглі б дзяліцца сваім досведам з выпускнікамі школ.

 

Напрыканцы сустрэчы выпускнікі парламента атрымалі падарункі, а Ганна Хвядзюк падвяла вынікі размовы, падзякавала прысутным за работу, пажадала поспехаў і выказала надзею на правядзенне падобнай сустрэчы ў наступным годзе.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!