Першамайская вертыкаль у надзейных руках

 

Добрая вестка прыйшла нядаўна ў наш прыгранічны рэгіён. Першамайскі сельсавет па выніках работы 2021 года стаў адным з пераможцаў у конкурсе сярод органаў мясцовага самакіравання Гродзенскай вобласці. Да таго ж яго “мэра” Наталію Сідлярэвіч за шматгадовую і плённую дзейнасць у арганізацыі тэрытарыяльнага самакіравання ўзнагародзілі Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў.

 

 – Мы ўжо аднойчы выходзілі ў лідары гэтага конкурсу, што праводзіць Гродзенская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў, – гаворыць Наталія Мікалаеўна. – Тады нам у якасці важкага бонусу да перамогі ўручылі бензакасілку, а зараз – бензапілу. Гэта зусім не лішняя для сельсавета тэхніка: яе выкарыстоўваем пры навядзенні парадку на тэрыторыі населеных пунктаў.

 

Землякі ўжо на працягу болей за дзясятак год выбіраюць старшынёй свайго сельвыканкама Наталію Мікалаеўну. Яна была дэлегатам VІ Усебеларускага сходу. Адкрытая, добразычлівая да людзей, яна не проста выслухае і пастараецца зразумець чалавека, але і аператыўна, без фармалізму вырашае праблемныя пытанні. Гэта абаяльная жанчына ўмее арганізаваць вяскоўцаў на добрыя справы, павесці за сабой, праводзіць работу па павышэнні ролі дэпутацкага корпусу ў грамадскім жыцці сельсавета. Менавіта гэта дае новы імпульс, каб добраўпарадкоўваць родны аграгарадок і навакольныя вёсачкі, клапаціцца аб помніках і абелісках у гонар подзвігу герояў Вялікай Айчыннай вайны, іншых гістарычных мясцінах.

 

Для гэтай неабыякавай і клапатлівай жанчыны не існуе другарадных пытанняў, бо ўсе яны тычацца жыццезабеспячэння насельніцтва – людзей, з якімі жыве побач, якіх паважае і любіць усёй душой. І ёй землякі адказваюць тым жа. Увага да патрэб пажылых і адзінокіх, кантроль за парадкам у сем’ях, дзе “штосьці пайшло не так”, жаданне дапамагчы знайсці работу беспрацоўнаму, падтрымаць словам і справай – гэтыя і многія іншыя напрамкі ў рабоце старшыні сельвыканкама рана ці позна выводзяць на шлях да поспеху, які ацэняць і людзі, і строгае конкурснае журы.

 

Сёння ў кабінеце Н.І. Сідлярэвіч пачэснае месца займае празрыстая статуэтка з абрысамі зямлі пад белымі крыламі і надпісам “Пераможца…” Гэта своеасаблівы талісман і яшчэ адно сведчанне, што першамайская вертыкаль – у надзейных руках.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!