Перадавым жывёлаводам – заслужаныя ўзнагароды. У раёне працягваецца рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод”
У раёне працягваецца рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод”, у рамках якой старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Феліксавіч Шандроха аб’ехаў гаспадаркі раёна і ўручыў перадавым работнікам жывёлагадоўчай галіны заслужаныя ўзнагароды.
На малочнатаварнай ферме “Рымкі-2” ААТ “Орля” да Генрыха Феліксавіча далучыліся кіраўнік мясцовай гаспадаркі Аляксандр Уладзіміравіч Козіч і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Наталля Іванаўна Пракаповіч. Яны адзначылі Пісьмамі-падзякамі жывёлаводаў Наталлю Тарланаўну Казымаву і Аляксандра Леанідавіча Ступакевіча. Не застаўся без узнагароды і малады жывёлавод Павел Генадзьевіч Кавалеўскі.
– Я працую на малочнатаварнай ферме “Рымкі-2” з 2001 года і займаюся дарошчваннем маладняку, – дзеліцца Н.Т. Казымава. – Даглядаю нованароджаных цялятак першыя 60 дзён іх жыцця. Каб яны раслі здаровенькімі, своечасова кармлю і пастаянна сачу за чысцінёй у індывідуальных “доміках”. Вельмі прыемна, што маю працу заўважылі ў раёне. Значыць, я выконваю свае прафесійныя абавязкі якасна.
У той дзень Пісьмамі-падзякамі таксама былі адзначаны ветфельчар Іосіф Вацлававіч Тоцэвіч і слесар Уладзімір Дзмітрыевіч Будзіловіч, якія працуюць на МТФ “Прэціма” ААТ “Орля”.
Заглянуў прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Г.Ф. Шандроха і ў саўгас “Вялікае Мажэйкава” і ААТ “Васілішкі”, дзе ўручыў перадавым работнікам малочнатаварных фермаў і комплексаў заслужаныя ўзнагароды.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.