Валяр’яна – культура “ручная”

Жыхарка Шчучына Надзея Міхайлаўна Пачабут дванаццаты сезон запар заключае з саўгасам “Вялікае Мажэйкава” дагавор і паспяхова займаецца вырошчваннем лекавых траў. Жанчына ўжо ўбрала ўраджай рамонкаў, наготак, а зараз прыступіла да збору валяр’яны.

– Летась я засеяла лекавымі травамі 25 сотак зямлі, а сёлета скараціла гэты надзел да 10 сотак, – гаворыць Надзея Міхайлаўна. – Вырошчваць іх няпроста, бо амаль увесь вытворчы працэс – гэта ручная праца. Да прыкладу, валяр’яну сама садзіла, палола, абразала бацвінне, а зараз займаюся прамыўкай карэнняў.
Атрыманы ўраджай у саўгасе ачышчаюць ад пяску пры дапамозе спецыяльнай устаноўкі. У рэзервуары, запоўненым вадой, усталяваны шэсць актыватараў, якія круцяцца і “палошчуць” карэнні. Потым прамыты ўраджай па канвеернай стужцы трапляе ў кузаў грузавіка. 
– На ачыстку адной партыі карэнняў затрачваем 15-20 хвілін, – зазначае памочнік упраўляючага вытворчым участкам “Мажэйкава” Алег Пятровіч Багданаў. – За гэты час 5-6 разоў мяняем ваду ў рэзервуары. У дзень прамываем да 40 тон валяр’яны, на выхадзе атрымліваем прыкладна 12 тон чыстых карэнняў.
Пасля ўраджай дастаўляецца да чатырох сушылак, здрабняецца і даводзіцца да неабходнай кандыцыі.
– У дзень прасушваем каля тоны валяр’яны, – дзеліцца работніца сушыльнай гаспадаркі Таццяна Сяргееўна Трусіла. – Здробненыя карэнні праходзяць праз пяць сітаў і прадуваюцца гарачым паветрам. Мы іх збіраем, узважваем і пакуем у мяшкі. Выхад гатовай прадукцыі складае 20%.
Усяго ў сельгаспрадпрыемстве пад валяр’яну адведзена 18 гектараў, якую тут плануюць убраць да 10 лістапада.
– Звычайна людзі бяруць у нас у карыстанне 10-15 сотак, на якіх і вырошчваюць лекавыя травы, – канстатуе галоўны аграном саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Генадзій Міхайлавіч Каляда. – Каб стымуляваць ініцыятыву, мы, акрамя аплаты, выдаём работнікам за кожную зданую тону па 15 кілаграмаў мукі, столькі ж цукру, а таксама 140 кілаграмаў фуражнага зерня. Таму ўсе працуюць з поўнай аддачай.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!