Як дасягнуць самых лепшых паказчыкаў сярэднясутачных надояў сярод гаспадарак раёна расказалі на МТФ “Глыбокае” СВУ “Пратасаўшчына”

На малочнатаварнай ферме “Глыбокае” СВУ “Пратасаўшчына” дасягнулі рэкордных сярэднясутачных надояў: штодзень ад кожнай рагулі тут атрымліваюць 25,7 літра малака, што з’яўляецца самым высокім паказчыкам не толькі ў нашым раёне, але і сярод гаспадарак, якія ўваходзяць у склад унітарнага прадпрыемства “Гроднааблгаз”. 

 

– У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года мы павялічылі сярэднясутачны надой малака на два літры, – зазначае загадчык МТФ “Глыбокае” Сяргей Яўгеньевіч Болдак. – Усё дзякуючы граматнай арганізацыі вытворчага працэсу і выкарыстанню якасных кармоў, якія выпускаем ва ўласным камбікормавым цэху па спецыяльна распрацаванай спецыялістамі рэцэптуры. Не забываем і пра розныя карысныя дабаўкі: прэміксы, вітаміны і іншае.

 

Усяго на ферме ўтрымліваецца 936 кароў, з якіх 490 – гэта дойны статак, а 318 – цяляткі. І за маладняком тут асобы догляд.

 

 

– Нованароджаныя жывёлы ўзважваюцца і абавязкова абсушваюцца ў спецыяльным боксе, каб не дапусціць захворвання, – працягвае наш суразмоўца. – Потым мы змяшчаем іх у індывідуальныя домікі. Першыя тры дні выпойваем малодзівам, а потым пераводзім на пастэрызаванае малако. Нашы аператары кормяць цялятак пры дапамозе малочнага таксі: даюць па два літры малака тры разы на дзень.

 

Праз 45-50 дзён маладняк пераводзяць на групавое ўтрыманне і ўводзяць у рацыён замяняльнік неразведзенага малака і грубыя кармы: сена, сянаж, сілас, камбікорм. Усе цяляты носяць на шыі спецыяльныя прыборы – рэспондэры, якія збіраюць неабходную інфармацыю. Менавіта яны кантралююць норму выпайкі і час кармлення. Яшчэ праз 45 дзён жывёлам перастаюць даваць замяняльнік і яны харчуюцца толькі грубымі кармамі расліннага паходжання.

 

 

Умовы ўтрымання рагуль на ферме максімальна камфортныя. Дойныя каровы стаяць на рызінавых дыванках, якія штодзень чысцяцца і падсыпаюцца пілавіннем з дабаўленнем дэзсродкаў. У кароўніках падтрымліваецца тэмпературны рэжым. Тут вісяць аэрацыйныя ліхтары, а на вокнах усталяваны спецыяльныя шторы, якія пры рэзкім пахаладанні зачыняюцца. 

 

За здароўе ўсяго пагалоўя МТФ “Глыбокае” адказвае малады ветурач Марыя Сяргееўна Сотнік, якая працуе тут усяго год, але ўжо зарэкамендавала сябе як высокакваліфікаваны спецыяліст. Штодзень яна праводзіць агляд жывёлы. Не застаюцца ў баку і аператары, якія дапамагаюць выявіць хворых рагуль. Кожны месяц статак праходзіць абавязковую вакцынацыю, дзякуючы чаму ўдаецца не дапусціць успышак інфекцый. Таму і таварнасць малака тут складае 97%.

 

 

– На МТФ “Глыбокае” прыходзіцца каля 40% малака, атрыманага ў гаспадарцы, – падкрэслівае Сяргей Яўгеньевіч Болдак. – Штодзень здаём на перапрацоўку на Шчучынскі масласырзавод 12,2 тоны сыравіны. У гэтым месяцы ўсё малако ідзе 100% гатункам “экстра”. 

 

Такога высокага паказчыка ўдалося дабіцца дзякуючы строгаму выкананню тэхналогій. На ферме выкарыстоўваюць сучаснае даільнае абсталяванне. Малако па малакаправодзе перакачваецца ў тры шасцітонныя халадзільныя ёмістасці, таму захоўваецца выдатна.

 

 

– За працоўную змену разам з напарніцай Наталляй Ігараўнай Клімовіч мы абслугоўваем 480 кароў, – гаворыць аператар машыннага даення Святлана Чаславаўна Клімашэўская. – Нагрузка вялікая, але мы спраўляемся. Да пераходу сюды мне давялося папрацаваць на старой малочнатаварнай ферме – вось дзе было сапраўды цяжка: усё рабілі ўручную, таму моцна стамляліся фізічна. Сёння ж многія вытворчыя працэсы аўтаматызаваны. Узровень камфорту таксама ўзрос: на МТФ “Глыбокае” абсталяваны раздзявалкі, душавая, у пакоях для прыёму ежы ёсць неабходная мэбля, халадзільнік, электрачайнік і мікрахвалевая печ. Тых жа, хто жадае абедаць дома, дастаўляе спецыяльны транспарт. Заработная плата таксама дастойная. Дык чаму б не працаваць з поўнай аддачай?

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!