“Паміж намі, суседзямі”. Яскравае фальклорнае свята сабрала ў аграгарадку Дэмбрава шмат гасцей (+відэа)

 

Брэндавае мерапрыемства “Паміж намі, суседзямі” ў аграгарадку Дэмбрава сабрала шмат гасцей ад малога да вялікага. Вось ужо некалькі гадоў дэмбаўская зямля шчыра вітае аматараў беларускай народнай творчасці на свяце фальклору, якое абуджае пачуццё прыгажосці і далучае да нашай культурнай спадчыны.

 

 

Прынялі ўдзел у сапраўдным фальклорным свяце і ганаровыя госці -- старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Цюсіна, старшыня Дэмбраўскага сельскага выканаўчага камітэта Міхаіл Жогла і дырэктар ААТ “Дэмбрава” Аляксандр Туля.

 

-- Добры дзень, мае шаноўныя землякі! Я рада вітаць вас на цудоўным свяце музыкі, прыгажосці, таленту, фальклору і, самае галоўнае, на свяце цудоўных людзей, -- адзначыла Ганна Станіславаўна, якая родам з гэтых мясцін. – Хачу выказаць словы ўдзячнасці арганізатарам мерапрыемства, усім аматарскім калектывам раёна, а таксама суседзям нашай дэмбраўскай старонкі за актыўны ўдзел у свяце.

 

 

Прысутных таксама павіншаваў і Міхаіл Жогла, які пажадаў усім цудоўнага настрою, выдатнага адпачынку і незабыўных эмоцый.

 

У мерапрыемстве прымалі ўдзел творчыя калектывы з васьмі сельсаветаў: Шчучынскага сумесна з Ражанкаўскім, Каменскага, Жалудоцкага, Астрынскага, Лядскага, Васілішкаўскага, Першамайскага і Дэмбраўскага. Хлебам-соллю сустракалі ўдзельнікі мерапрыемства журы фальклорнага свята.

 

 

Кожны калектыў падрыхтаваў некалькі нумароў беларускага фальклору, свой непаўторны падворак і аўтэнтычную местачковую гульню. Мілагучныя песні, якія былі напоўнены самабытнымі, чароўнымі гукамі роднай мовы і народнымі мелодыямі, гучалі не толькі на сцэне. Іх спявалі ўсе прысутныя. Спачатку калектывы прадэманстравалі свае вакальныя нумары, затым конкурсная праграма прадоўжылася на самабытных падворках.

 

 

А што там? Стылізаваныя пад беларускую хату палаткі, дзе вісяць абразы, прыгожыя рушнікі і засцелены тканыя посцілкі. На сталах мноства смачных беларускіх страў, якімі з вядомай беларускай шырынёй душы частавалі ўсіх жадаючых.

 

 

Затым кожны сельсавет прадставіў сваю гульнёва-сюжэтную праграму. “Гарачая бульба”, “Фанты”, “Ручаёк” і шмат іншых гульняў далучылі прысутных да цудоўнай атмасферы свята. Удзельнічалі ўсе – і дарослыя, і дзеці. Заключным этапам для ўдзельнікаў фальклорнага мерапрыемства  стала конкурсная праграма побытавых танцаў. Па дзве пары ад кожнага сельсавета станцавалі чатыры танцы -- кракавяк, “Лявоніху”, “Лысага” і “Польку мясцовую”.

 

 

Калі ўсе конкурсы былі завершаны, журы адправілася падводзіць вынікі і рабіць свой нялёгкі выбар. А тым часам святочны настрой на мерапрыемстве стваралі ўзорныя фальклорныя калектывы “Котчынская кадрыля” з Мастоўскага раёна і дэмбраўская “Скарбоначка”, а таксама ансамбль народный песні “Сябрына” Жалудоцкага ДК. Дарэчы “Котчынская кадрыля” ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

 

Тым часам журы падвяло вынікі і назвала пераможцаў фальклорнага свята. Лаўрэатам трэцяй ступені стаў Жалудоцкі сельсавет, другое месца заняў Васілішкаўскі, а ганаровае першае месца -- у Дэмбраўскага сельсавета. Віншуем усіх пераможцаў!

 

 

Чаму свята “Паміж намі, суседямі” так падабаецца дарослым і дзецям, гараджанам і сельскім жыхарам? Напэўна, таму, што ў беларускім фальклоры адлюстравана гісторыя нашых продкаў, іх побыт, іх жыцце, іх духоўнасць і культура. Час імкліва рухаецца наперад, але ў думках і сэрцы кожнага захоўваецца тая спадчына, якая засталася нам “ад прадзедаў спакон выкоў”. Беларуская зямля вельмі багата на талентавітых людзей. І як важна, што сёння мы можам перадаць наступнаму пакаленню свой нацыянальны скарб, якім ганарымся і які напаўняе нас жыццёвай энергіяй, энтузіязмам, чысцінёй і самабытнасцю. Да новых сустрэч, фестываль!

 

Таццяна ГЕРАСІМЧЫК.

Фота аўтара і Сяргея КАСПЕРЧУКА.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!