Паміж намі, суседзямі. Прыгожае фальклорнае свята пад такой назвай прайшло ў аг. Дэмбрава

Надвор'е ўсё ж унесла свае карэктывы. Пачаўся дождж, і артыстам тэрмінова прыйшлося перабірацца з вуліцы, дзе была абсталявана імправізаваная сцэна, у памяшканне дома фальклору. Аднак ніхто не сумаваў: дэмбраўцы гатовы былі ўдзельнічаць у свяце пры любым надвор'і! Дарэчы, яны дружна падтрымлівалі артыстаў і весела падпявалі ім.

– Гэта наша брэндавае мерапрыемства, якое праходзіць сёлета трэці раз і прымеркавана да Дня Незалежнасці нашай краіны, – гаворыць загадчыца аддзела культуры і вольнага часу "Дэмбраўскі сельскі дом фальклору" Алена Іванаўна Аліхвер. – Да нас у госці звычайна прыязджаюць не толькі калектывы ўстаноў культуры нашага раёна, але і артысты з суседніх раёнаў. Свята доўжыцца амаль увесь дзень. Гледачы могуць паглядзець танцы, паслухаць песні. Для іх рыхтуюцца цікавыя пастаноўкі, іх увазе прапануюцца байкі. Мы таксама танцуем свае побытавыя танцы: "Лысы", "Кракавяк", "Лявоніху". І сёння ў нас і песні, і танцы, і майстар-клас па побытавых танцах, і забаўляльная праграма для моладзі. Думаю, нават нягледзячы на дажджлівае надвор'е, свята ў нас атрымаецца.

З надыходзячым галоўным святам Рэспублікі Беларусь – Днём Незалежнасці – павіншаваў сваіх землякоў і гасцей старшыня Дэмбраўскага сельвыканкама Міхаіл Міхайлавіч Жогла:

– Выдатна, што галоўнае свята нашай краіны мы сустракаем з добрым настроем. Сёння ў нас ёсць магчымасць адпачыць, цікава правесці свой вольны час. Фальклорнае свята "Паміж намі, суседзямі" стала традыцыйным для Дэмбрава. Яно сапраўды збірае разам суседзяў не толькі з суседніх двароў, але і сельсаветаў, і раёнаў.

– Нягледзячы на свой узрост, я бываю на ўсіх мясцовых святах, – гаворыць адна са старэйшых жыхарак аграгарадка Леаніла Іванаўна Росенік. – Такія мерапрыемствы яшчэ больш аб'ядноўваюць, даюць магчымасць хоць на час пакінуць хатнія клопаты.

… Мы ад'язджалі з аграгарадка, а свята працягвалася. На сцэне якраз выступалі вядомыя ракавіцкія "Вяргіні". Гледачы падтрымлівалі бабуляў-пявунняў і спявалі разам з імі.

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!