Па закліку сэрца

“Валанцёры – гэта людзі, якія бескарысна, у свой вольны час робяць добрыя справы, вучаць гэтаму іншых і заўжды гатовы прыйсці на дапамогу”, – гаворыць старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Станіславаўна Мацюк. 
Па яе словах, у нашым раёне валанцёрства мае моцныя традыцыі. Даўно і актыўна працуюць валанцёрскія “ячэйкі” ў гімназіі, другой і трэцяй гарадскіх школах, ва ўстановах адукацыі ў Васілішках, Жалудку, Галавічполі... Каардынуе работу грамадскіх актывістаў раённы савет, які ўзначальвае педагог СШ №1 г. Шчучына А.У. Крэчка.
– Нашы дабравольныя памочнікі ўдзельнічаюць у сацыяльна значных для грамадства акцыях “Мяняем цукеркі на цыгарэты”, “Кроў у імя жыцця”, “Здароўе – бясцэнны дар” і іншых. У гімназіі і СШ №1 “прыжыліся” восеньскія акцыі “Збяром дзяцей у школу” і “Клопат”, пераднавагодняя “Ёлка жаданняў”, – расказвае Г.С. Мацюк. – Хлопчыкі і дзяўчынкі ў майках з лагатыпам Чырвонага крыжа – частыя госці ў сацыяльна-педагагічным цэнтры і дамах-інтэрнатах. Як прыклад сацыяльна значнай работы – галавічпольскі і астрынскі валанцёрскія атрады, якія ўзялі шэфства над падапечнымі гэтых устаноў, а таксама над адзінокімі землякамі, інвалідамі. Рабяты дапамагаюць нямоглым дзядулям і бабулям справіцца з бытавымі праблемамі, не страціць адчуванне радасці жыцця. Да таго ж школьнікі-валанцёры з Астрыны ў рамках сумеснай з мясцовай бібліятэкай акцыі “Увайдзі ў кожны дом” з кнігамі ў руках наведваюцца да патэнцыяльных чытачоў. Актыўныя маладыя людзі, чыімі праваднікамі па жыцці сталі міласэрнасць і спагада, уносяць свой уклад у прапаганду здаровага ладу жыцця, прафілактыку наркаманіі і ВІЧ/СНІДу сярод сваіх равеснікаў.
Багаж добрых спраў дазволіў валанцёрскім атрадам з Галавічпольскага д/с-СШ, гімназіі і СШ №1 г. Шчучына прыняць удзел у абласным конкурсе “Лепшы валанцёр”.
Кажуць, валанцёр – гэта стан душы, які застаецца назаўсёды. Таму, відаць, у радах грамадскіх актывістаў можна ўбачыць і людзей сталага ўзросту. Яны блізка да сэрца ўспрымаюць чужую бяду, добра ведаючы, дзеля чаго і як важна рабіць дабро. І на справе дапамагаюць пераадолець жыццёвыя цяжкасці сваім суседзям, апякуюць нямоглых знаёмых. Менавіта такія актывісты ўваходзяць у склад клуба “Апора”, які даўно дзейнічае пры раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Так,  пачуццё сваёй патрэбнасці іншым людзям уласціва Яніне Капіца, Людміле Мілейка і Таццяне Шахаўцовай.
Цяпер у валанцёрскіх “ячэйках” раённай чырванакрыжнай арганізацыі звыш паўтары сотні членаў. І яе дзверы заўжды адчынены для дабравольных памочнікаў, падкрэслівае Г.С. Мацюк. “Кожны чалавек са спагадай і міласэрнасцю ў сэрцы, жаданнем рабіць дабро таму, хто мае ў гэтым патрэбу, можа лічыць сябе валанцёрам”, – пераканана Галіна Станіславаўна.
Дарэчы, у Сусветны дзень валанцёраў дабравольным памочнікам чырванакрыжнай арганізацыі будуць урачыста ўручаны членскія білеты.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!