Нядаўна Варэна зноў стала еўрапейскай грыбной сталіцай - тут прайшоў традыцыйны “Фестываль грыбоў”
Вялікая колькасць гасцей з Літвы і з-за мяжы, весялосць, сувеніры і канцэрты зноў ператварылі гэты літоўскі горад на адзін дзень у святочную пляцоўку.
Літоўская зямля сустрэла ўдзельнікаў свята выдатным восеньскім надвор’ем і добрым настроем, усе былі проста зачараваны мноствам грыбоў і забаў, якія прапанаваў фестываль. У дваццаць трэці раз госці знаёміліся са спадчынай варэнскай зямлі, якая захавалася на працягу стагоддзяў, рамёствамі і традыцыямі яе жыхароў.
У святочных мерапрыемствах прыняла ўдзел дэлегацыя Шчучынскага раёна ў складзе старшыні раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк і намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад” Т.І. Сінкевіч. Вітаючы ўдзельнікаў і гасцей грыбнога фестывалю, Ганна Станіславаўна адзначыла, што шчучынцы і варэнцы заўсёды былі і застаюцца добрымі суседзямі, а іх землі славяцца ўнікальнымі прыроднымі багаццямі, выбітнымі людзьмі, якія калісьці тут жылі і жывуць сёння. Старшыня райсавета дэпутатаў пажадала ўсім варэнцам моцнага здароўя, шчасця, слаўных спраў і новых працоўных здзяйсненняў.
У гэтым годзе ў сельскім лесе Марцінконіса прайшоў Літоўскі чэмпіянат па грыбах, у якім прынялі ўдзел 19 каманд з розных рэгіёнаў Літвы. Чэмпіянат грыбнікоў пачаўся ў сем гадзін раніцы і доўжыўся каля трох гадзін. У выніку спаборніцтва больш за ўсіх грыбоў знайшла каманда Літоўскай асацыяцыі фрыцюрніц з раёна Тракай. Пераможцам чэмпіянату ўручылі кубак, заснаваны мэрам Варэнскага раённага муніцыпалітэта.
Усіх захапіў святочны парад, які прайшоў праз увесь горад. З Вільнюса на свята прыехаў спецыяльны цягнік з аматарамі і прыхільнікамі збору грыбоў. Восем самакіраванняў абсталявалі свае “падворкі”. Тут можна было бачыць свежыя, салёныя, сушаныя або кансерваваныя грыбы, разнастайныя прадукты з лясных ягад. На багата ўпрыгожаных падворках на працягу дня былі паказаны старыя рамёствы дзукійцаў: прадзенне, пляценне, ліццё свечак, вырабы з саломы, кошыкі з каранёў ...
У гэтым годзе фестываль пераехаў у цэнтр горада - на нядаўна адрэстаўраваную гарадскую плошчу перад муніцыпалітэтам і на суседнія вуліцы. На галоўнай сцэне на працягу ўсяго дня прайшлі канцэртныя праграмы, у якіх рэгіянальныя мастацкія калектывы, народныя групы і вядомыя музыкі выканалі свае лепшыя музычныя кампазіцыі. Сярод спецыяльных гасцей фестывалю была група ”Саят Нова” з Арменіі. Завяршылася мерапрыемства святочным феерверкам.
І ў гэтым годзе Фестываль грыбоў яшчэ раз паказаў, што варэнскі край унікальны этнакультурнымі традыцыямі, тут жывуць працавітыя і гасцінныя людзі.
Сяргей КАСПЯРЧУК.