Заўтрашні дзень – для маладых

Сёння ў рамках правядзення адзінага дня інфармавання інфармацыйна-прапагандысцкая група райвыканкама на чале з намеснікам старшыні райвыканкама А.В. Садоўскім сустрэлася з супрацоўнікамі РУНП "Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі".

Галоўная тэма гутаркі – "Моладзь Беларусі: магчымасці для самарэалізацыі". Выконваючы абавязкі першага сакратара РК БРСМ А.А. Цынгалёва расказала аўдыторыі пра дзяржаўную маладзёжную палітыку, якая ўяўляе сабой сістэму сацыяльна-эканамічных, палітычных, арганізацыйных і прававых мер, накіраваных на падтрымку маладых грамадзян нашай краіны. Веды і ўменні юнакоў і дзяўчат, іх энергія запатрабаваны ва ўсіх сферах жыцця і галінах народнай гаспадаркі, падкрэсліла Анастасія Андрэеўна. Маладыя людзі маюць магчымасць працаваць, марыць і будаваць планы на заўтрашні дзень. Яны паспяхова кіруюць калектывамі, робяць навуковыя адкрыцці, уваходзяць у перспектыўны кадравы рэзерв, працуюць у органах улады... А таксама могуць рэалізаваць сябе ў грамадска-палітычнай і сацыяльна-карыснай дзейнасці, у тым ліку праз грамадскія структуры і грамадзянскія ініцыятывы. Так, на пачатак 2018 года ў краіне зарэгістравана 338 маладзёжных грамадскіх аб'яднанняў, у ліку якіх і самае масавае – БРСМ (у яго радах 20 працэнтаў ад агульнай колькасці моладзі). Сярод самых значных ініцыятыў арганізацыі, якія набылі ўсебеларускі статус, –  акцыі "Мы – грамадзяне Беларусі!", патрыятычны праект "Кветкі Вялікай Перамогі", сямейны сельскагаспадарчы праект "Уладар сяла", творчы праект-свята "Дзень вышыванкі" і многія іншыя. Моцнае звяно ў рэспубліканскай грамадскай суполцы і 1612 членаў раённай арганізацыі БРСМ, многія з якіх актыўна ўдзельнічаюць у жыцці нашага рэгіёна. "Будучыню краіны будаваць маладым!" – пераканана лідар шчучынскай моладзі.

На пытанне з залы пра меры, накіраваныя на замацаванне маладых кадраў у рэгіёне, падрабязна адказаў намеснік старшыні райвыканкама А.В. Садоўскі.  Ад'езд моладзі за межы краіны ў пошуках лепшага месца – гэта тэндэнцыя паўсюдная, у тым ліку ў краінах-суседках, адзначыў Аляксей Валянцінавіч. Мець добрую зарплату, камфортныя ўмовы працы і жыцця – жаданне справядлівае і зразумелае. Таму органы ўлады робяць важныя і паслядоўныя крокі, каб для жыхароў Шчучыншчыны яно станавіліся рэальнасцю. Цяпер сярод першачарговых задач менавіта стварэнне рабочых месцаў. У Шчучыне пабудаваны "Праймілк", хутка запрацуе фабрыка грыбоў... "У інвестараў ёсць цікавасць да нашага рэгіёна, ужо разглядаюцца планы ўзвядзення ў горадзе яшчэ аднаго буйнога прадпрыемства", – паведаміў намеснік старшыні райвыканкама. Па яго словах, не за гарамі час, калі тэрыторыя былога аэрадрома ператворыцца ў развітую прамысловую зону. Будуць работа, нармальныя ўмовы для жыцця – не будзе праблемы з замацаваннем маладых кадраў.

Размова вялася і аб іншых рэаліях часу – развіцці высокатэхналагічных вытворчасцей, неабходнасці падрыхтоўкі спецыялістаў самага высокага класа, важнасці стварэння бізнесу на малой радзіме.

 Прапагандысты і аўдыторыя абмеркавалі таксама пытанні прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў, у тым ліку ў моладзевым асяродку, процідзеяння п'янству і алкагалізму. На думку выступоўцаў, важна супрацьпаставіць гэтаму негатыву здаровы лад жыцця, упарадкаваць продаж алкаголю, узмацніць адказнасць за незаконны абарот прадукцыі з градусамі і самагонаварэнне. Аб гэтым гаварылі, у прыватнасці, А.В. Садоўскі і намеснік начальніка РАУС Д.Д. Кірылаў.  Тэму пажарнай бяспекі закрануў намеснік начальніка РАНС С.Б. Панасевіч, падкрэсліўшы, што сітуацыя з пажарамі складаная: іх сёлета ўжо 45, што значна больш, чым летась, 5 чалавек загінулі. Галоўны санітарны ўрач раёна П.С. Волчак папярэдзіў аб актыўнасці кляшчоў, расказаў аб рэгістрацыі выпадкаў шаленства ў жывёл, сітуацыі з захворваннямі на ВІЧ-інфекцыю, даў слушныя парады.

Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!