Ноткі шчырай радасці. Фестываль дзіцячай творчасці “Радасныя ноткі” прайшоў сёння ў Шчучынскім цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі

 

Традыцыйны фестываль дзіцячай творчасці “Радасныя ноткі” прайшоў у Шчучынскім цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Мерапрыемства было прымеркавана да Дня інвалідаў і сабрала таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама іх бацькоў і педагогаў. Акрамя выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ўдзел у фестывалі ўзялі дзеці з Васілішкаўскага сацыяльнага пансіяната “Васількі”.

 

Цёплымі словамі гасцей і ўдзельнікаў фестывалю прывіталі начальнік аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Павел Тарчынскі і дырэктар Шчучынскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Таццяна Ярошык.

 

 

Сёлета дзеткі пастараліся падрыхтаваць насычаную творчую праграму, ў якой знайшлі адлюстраванне розныя таленты юных артыстаў. Удзельнікі фестывалю спявалі песні, расказвалі вершыкі, ладзілі тэатральныя сцэнкі, а таксама чыталі ўрыўкі з любімых казак. Дапаўнялі творчую праграму музычныя нумары выхаванцаў Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі, а таксама выступы калектываў сярэдніх школ № 2 і № 3 горада Шчучына.

 

 

Фестываль прайшоў пад дэвізам “Запалі сваю зорку”. За кожны выступ дзеці атрымлівалі асабістую зорку, якой упрыгожвалі імправізаваны стэнд у выглядзе начнога неба. Напрыканцы фестывалю на небасхіле цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з’явілася шмат сузор’яў, а ўдзельнікі фестывалю атрымалі памятныя прызы і салодкія падарункі. Шчырыя эмоцыі радасці напаўнялі актавую залу цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

 

 

Вынікі фестывалю падвёў Павел Тарчынскі:

 

– Выхаванцы пансіяната “Васількі” і цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі – гэта самыя прыгожыя і самыя адказныя дзеці, а іх бацькі самыя душэўныя, добрыя і шчырыя людзі. Не перастаю захапляцца дасягненнямі педагогаў гэтых дзетак. Сённяшняе мерапрыемства стала нашым агульным вынікам, нашым поспехам. Хачу падзякаваць калектывам другой і трэцяй гарадскіх школ, якія задавалі тон мерапрыемства, дзякую таксама калектыву Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Жадаю ўсім новых перамог і новых дасягненняў. Няхай кожны дзень прыносіць вам толькі пазітыў.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!