Ніці мінулага. Як на Шчучыншчыне вяртаюць да жыцця старажытнае ткацтва

Ткацтва на Беларусі мае глыбокія гістарычныя карані. Яшчэ ў старажытнасці ткацкія вырабы былі не толькі прадметамі штодзённага ўжытку, але і сапраўднымі творамі мастацтва. У кожным рэгіёне краіны існавалі ўнікальныя тэхнікі і арнаменты, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
Шчучыншчына не была выключэннем: мясцовыя майстры стваралі дываны, паясы, ручнікі і адзенне, якія адлюстроўвалі багацце беларускай культуры. Аднак з цягам часу гэта рамяство пачало знікаць. Традыцыйныя навыкі сталі забывацца, а ткацкія станкі ператварыліся ў музейныя экспанаты.
Але ў Шчучыне вырашылі вярнуць ткацкае рамяство. Усё пачалося з падарунка. Станок, які цяпер стаў сэрцам майстэрні аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва Шчучынскага РЦКіНТ, быў падораны майстрам жанчынай, якая сама аддала многія гады ткацтву. Таісія Аляксееўна Пасюта, жыхарка вёскі Аленкаўцы, вырашыла перадаць свае кросны ў добрыя рукі. Жанчына была вельмі рада, што знайшліся людзі, якія зацікавіліся адраджэннем ткацтва.
Гэта цудоўнае рамяство, якое амаль знікла з памяці сучаснікаў, зноў набывае жыццё дзякуючы намаганням майстра народных мастацкіх рамёстваў Таццяны Лебядзевіч.
– Калі я ўпершыню села за станок, мне здавалася, што гэта будзе вельмі складана, амаль немагчыма, але ўжо праз пару хвілін адчула, як гэта праца зацягвае. Мне вельмі падабаецца працэс стварэння палатна.
Кожны раз, калі прапускаеш чаўнок паміж ніткамі, здзіўляешся, як з нічога нараджаецца прыгожая тканіна. Кожны ўзор, кожная нітка – гэта палёт фантазіі, – кажа Таццяна. – І ведаеце, што самае дзіўнае? Гэта неверагодна супакойвае, і я цалкам пагружаюся ў працэс. Нават не заўважаю, як пралятае час! А калі пачынаю эксперыментаваць з узорамі, гэта ўвогуле асобае задавальненне. Здаецца, быццам я мастак, толькі замест фарбаў у мяне ніткі.
Таццяна Юр’еўна з дзяцінства займалася творчай дзейнасцю, але ткацтва было для яе чымсьці новым. Пачаўшы з нуля, яна правяла безліч гадзін, вывучаючы тэхнікі, узоры і сакрэты гэтага рамяства. Жанчына шукала інфармацыю ў кнігах, наведвала майстроў, якія яшчэ памятаюць, як працаваць на такіх станках, і нават выязджала на майстар-класы, каб даведацца больш.
– Працэс стварэння палатна – не лёгкі працэс, – дзеліцца з намі Таццяна. – Спачатку майстру трэба падрыхтаваць ніткі для асновы. Яны павінны быць моцнымі і роўнымі, бо на іх будзе трымацца ўсё палатно. Аснову акуратна нацягваюць на кросны, замацоўваючы яе на нітах і бердах. Гэта адзін з самых адказных этапаў, бо ад яго залежыць, наколькі роўным і якасным будзе палатно. Берды і педалі станка дазваляюць кіраваць рухам нітак. Майстар бярэ ў рукі чаўнок і пачынае прапускаць яго паміж ніткамі асновы. Кожны рух чаўнака – гэта крок да стварэння палатна. Пасля кожнага яго праходу ніткі асновы змяняюць сваё становішча дзякуючы панажам, што дазваляе ствараць перапляценне.
Першае пробнае палатно ўжо ўпрыгожвае сцены аддзела рамеснай дзейнасці. Калісьці яно будзе нагадваць пачатак адраджэння ткацтва на Шчучыншчыне. А пакуль маленькімі крокамі гэты праект уваходзіць у сучаснае жыццё. Таццяна Юр’еўна мае вялікія планы. Акрамя стварэння прыгожых вырабаў жанчына таксама хоча папулярызаваць сваё рамяство. Для гэтага ў музейным пакоі “Шчучынскія рамёствы” праходзяць пазнавальныя праграмы, дзе кожны можа не толькі паспрабаваць ткаць, але і пазнаёміцца з гісторыяй і культурай роднага краю. Гэта дазваляе захаваць традыцыі, развіваць творчыя здольнасці і вучыць цаніць ручную працу.
Адраджэнне ткацтва на Шчучыншчыне – гэта крок да таго, каб наша культурная спадчына засталася жывой і актуальнай для будучых пакаленняў. І ўсё гэта пачалося з простага падарунка – станка, які аб’яднаў пакаленні.
Таццяна ГЕРАСІМЧЫК.
Фота аўтара.