Надыйшоў сезон бярозавіку. Даведайцеся, дзе можна нарыхтаваць бярозавы сок

Сёлета вясна крыху прыпазнілася, таму і нарыхтоўка бярозавага соку ў Шчучынскім лясгасе пачалася літаральна некалькі дзён таму.

 

– У мінулым годзе мы рэалізавалі насельніцтву амаль шаснаццаць з паловаю тон бярозавага соку, – расказвае начальнік вытворчага аддзела Шчучынскага лясгаса Ян Мыслівец. – Прадпрыемствам гэту лясную прадукцыю не пастаўлялі – падвозіць на сваім транспарце бярозавы сок нам не выгадна. І ў гэтым сезоне будзем працаваць выключна з насельніцтвам: плануем рэалізаваць каля 17 тон.

Сёння набыць бярозавы сок можна, звярнуўшыся ў Шчучынскае, Дэмбраўскае або Ражанкаўскае лясніцтвы.
– У Шчучынскім лясніцтве, а знаходзіцца яно ў райцэнтры па вуліцы Гагарына, 51, рэалізацыя соку арганізавана кожны дзень з васьмі гадзін раніцы да шасці вечара, – працягвае Ян Леанардавіч. – Прыязджаць трэба са сваімі ёмістасцямі. Адзін літр соку каштуе 25 капеек, 40-літровы бітон абыдзецца ў 10 рублёў. Калі вам зручней набыць сок у Дэмбраўскім або Ражанкаўскім лясніцтвах, бярозавік падвязуць да адміністрацыйнага будынка або ўкажуць вам дакладнае месца, дзе яго можна самастойна забраць на лесасецы. На лесасецы бярозавы сок прадаецца насельніцтву па 20 капеек за літр.

 

Пры жаданні можна нарыхтаваць сок і самастойна. Для гэтага неабходна звярнуцца ў любое лясніцтва, узгадніць, якую колькасць соку вы маеце намер нарыхтаваць, і прайсці інструктаж, як правільна падсочваць дрэва.

– А вось месца, дзе праводзіць нарыхтоўку соку, пакажа ляснік, – удакладняе Ян Леанардавіч. – Ён і пракантралюе ўвесь працэс падсочкі. Звычайна для такіх мэт мы адводзім лесасекі, якія прызначаны для рубкі, каб не наносіць шкоду прыродзе. Хачу папярэдзіць аматараў бярозавіку, што самастойна, без ведама лесніка, накіроўвацца па сок катэгарычна забаронена. Інакш прыйдзецца адказваць па ўсёй строгасці закона – за нарыхтоўку соку на тэрыторыях, дзе гэта забаронена, прызначаецца штраф да 20 базавых велічынь.
Колькі часу будзе ісці сок, дакладна невядома. Таму не адкладвайце надоўга, а ў бліжэйшы час накіроўвайцеся па гэты карысны для здароўя напітак.

Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!