На “Зялёным востраве” запальваюць … смурфікі!
Пра тое, што ў юных насельнікаў дзіцячага аздараўленчага лагера “Касмадром” настрой выдатны, можна было даведацца, нават не заходзячы на яго тэрыторыю. Песні, жарты, смех разносіліся далёка за межы летняй пляцоўкі, дзе сабраліся рабяты, каб паслухаць музычныя нумары ў выкананні выхаванцаў Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі, якія прыехалі да іх у госці, прыняць удзел у разнастайных гульнях і конкурсах, патанцаваць.
-- Наша змена – чацвёртая, заключная для “Касмадрома” ў сёлетні аздараўленчы перыяд, -- гаворыць старшы выхавацель змены Людміла Мар’янаўна Аляхновіч. – Для арганізацыі адпачынку дзяцей мы выбралі экалагічны профіль, а усе мерапрыемствы прымеркаваны да Года малой радзімы. На “Зялёным востраве”, а менавіта так называецца наша змена, адпачываюць 115 дзяцей. Яны ўсе з задавальненнем удзельнічаюць у самых розных конкурсах, шоу, спартыўных баталіях… За 18 дзён рабяты павінны паспець абысці ўвесь востраў, таму мы кожны дзень крочым па сцяжынках: экалагічнай, талентаў і фантазій, актыўнай, краязнаўства, малой радзімы…
У лагеры ўжо прайшлі такія цікавыя мерапрыемствы, як шоу-праграма “Каханне з першага погляду”, удзельнікамі якога, дарэчы, былі не толькі дзеці, але і важатыя – студэнты ГрДУ імя Я. Купалы. Цяпер рабяты з нецярпеннем чакаюць конкурсаў “Містар лагера” і “Міс лагера”.
З задавальненнем дэманструюць рабяты і свае таленты: майструюць паробкі, спяваюць, танцуюць, удзельнічаюць у фотавыставах і літаратурных гасцёўнях. На “ўра” праходзяць і спартыўныя мерапрыемствы, флэшмобы, дыскатэкі. Падабаецца дзецям наведваць гурткі, якія працуюць у лагеры: “Эказнайка”, спартыўны, шахмат і шашак і іншыя.
Абавязкова пройдуць юныя насельнікі “Зялёнага вострава” па сцяжынцы бяспекі, дзе сустрэнуцца з работнікамі Шчучынскага РАНС, паўдзельнічаюць у квэст-гульні “Бяспека на ўсе сто” .
Шмат цікавых мерапрыемстваў чакае наперадзе рабят. Абавязкова пабываюць яны ў аквапарку “Азёрны”, не раз прадэманструюць свае таленты ў творчых конкурсах, паўдзельнічаюць у спартыўных турнірах.
-- У нас склаўся выдатны педагагічны тандэм, -- гаворыць Людміла Мар’янаўна. – У гэту змену ў “Касмадроме” працуюць крэатыўныя і творчыя студэнты ГрДУ імя Я. Купалы, якія знайшлі агульную мову з дзецьмі і ва ўсім дапамагаюць педагогам. Нашмат лягчэй брацца за любую справу, нават і не зусім знаёмую, калі адчуваеш побач падтрымку сваіх калег – настаўнікаў Каменскай школы, таму што для мяне, настаўніка-дэфектолага, быць выхавацелем у лагеры – у навінку.
Ксенія Іваноўская прыехала ў “Касмадром” упершыню. Дзяўчынка вырашыла цікава правесці апошні летні месяц. Яна вельмі творчы чалавек, займаецца ў музычнай школе па класе фартэпіяна. Таму і ўдзельнічае больш у творчых мерапрыемствах.
-- Мне тут вельмі падабаецца! – у захапленні дзеліцца сваімі ўражаннямі Ксенія. – У нашым атрадзе “Смурфікі” я знайшла новых сяброў!
Таццяна Байгот прыязджае ў лагер з чацвёртага класа. Дзяўчына ўжо закончыла школу і паступіла ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Пасля ўступнай кампаніі вырашыла скарыстацца апошняй магчымасцю адпачыць у лагеры, каб з выдатным настроем накіравацца на вучобу. Як камандзір атрада яна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, асабістым прыкладам дэманструе, як можна выдатна адпачываць.
Іван Рэгін прыехаў адпачываць у лагер з Астрыны. Ён лічыць сябе старажылам, таму што праводзіць тут летнія канікулы кожны год.
-- У лагеры ёсць мае аднакласнікі, ёсць рабяты, з якімі пазнаёміўся раней у “Касмадроме”, -- гаворыць Іван. – Мы спісваемся ў сацыяльных сетках і дамаўляемся, у якую змену паедзем адпачываць. Заўсёды рады пазнаёміцца з новымі сябрамі.
Браты Аляксандр і Андрэй Гардзейчыкі таксама прыязджаюць у лагер не ўпершыню. Яны аднадушныя: “У “Касмадроме” падабаецца ўсё: і харчаванне, і мерапрыемствы”.
Што ж, гэта здорава! А самае галоўнае, што я не ўбачыла ніводнага насельніка “Зялёнага вострава” ў дрэнным настроі. Атрымаўшы зарад бадзёрасці падчас музычнай праграмы, рабяты дружна накіраваліся на стадыён прымаць удзел у спартыўнай эстафеце. Ні хвіліны без карыснай справы!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.