На ёлку да губернатара

накіраваліся ў мінулую сераду 15 рабят са Шчучынскага раёна – пераможцы абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і алімпіяд

Па традыцыі, у Гродзенскім абласным драматычным тэатры адбыўся вялікі навагодні дабрачынны ранішнік з удзелам кіраўніцтва вобласці, на які сабраліся каля шасцісот рабят. На свята з’ехаліся таленавітыя дзеці, хлопчыкі і дзяўчынкі з мнагадзетных сем’яў і дзіцячых дамоў. 

– Спачатку мы ўдзельнічалі ў цікавым прадстаўленні, а затым занялі месцы ў глядзельнай зале, – расказвае выхаванец Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі, чэмпіён Рэспублікі Беларусь па тайскім боксе і па ўшу саньда, кандыдат у майстры спорту Ілья Васілька. – Усіх рабят павіншаваў старшыня Гродзенскага аблвыканкама У.В. Краўцоў. А затым мы паглядзелі навагодні спектакль, які падрыхтавалі артысты драматычнага тэатра. Свята вельмі спадабалася і, канечне, запомніцца надоўга. Акрамя гэтага, мы атрымалі салодкія падарункі. 
А днём пазней Ірына Байгот з Астрынскай СШ, Ксенія Жмінда і Надзея Санько са Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі пабывалі на галоўнай ёлцы нашай краіны з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі. Масу прыемных эмоцый і падарункі прывезлі са сталіцы дзяўчаты.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота: grodnonews.by

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!