На варце інтарэсаў сваіх кліентаў

– Данута Лявонаўна і Юлія Баляславаўна – адны з нашых лепшых страхавых агентаў, – прадставіў дзвюх прыемных жанчын дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Шчучынскім раёне Мікалай Фёдаравіч Бекіш. – Гэта прафесіяналы ў сваёй справе і адказныя работнікі.

Данута Лявонаўна Забароўская прыйшла працаваць у прадстаўніцтва Белдзяржстраху амаль трыццаць год таму.
– Гэта сфера дзейнасці была для мяне абсалютна новай, – успамінае мая суразмоўца. – Змяніць месца работы, а прыйшла я сюды са Шчучынскага завода “Аўтапровад”, вырашыла таму, што дзеці былі маленькія і хадзіць на работу па зменах было не вельмі зручна. А тут свабодны графік мяне вельмі задавальняў. Дый работа спадабалася.
У Дануты Лявонаўны – свой участак. Яна працуе ў некалькіх населеных пунктах Шчучынскага сельсавета, у аг. Васілішкі і часткова ў Васілішкаўскім сельсавеце. На работу дабіраецца на сваім транспарце – вадзіцельскае пасведчанне атрымала даўно. Таму ў дарогу можа выехаць у любы час. Бывае, і мужа, які ўжо на пенсіі, з сабой прыхопіць, каб весялей было. А калі дарога дрэнная, ён і падстрахуе заадно.
За столькі год Д.Л. Забароўская ўжо добра вывучыла ўсіх сваіх кліентаў і ведае, хто якімі паслугамі карыстаецца. А яны ў сваю чаргу давяраюць свайму страхавому агенту.
– Ёсць у мяне адзін страхавальнік Вайцех Антонавіч, які ўсе дваццаць дзевяць год збірае газетныя выразкі, у якіх упамінаецца маё прозвішча, – сама здзіўляецца Данута Лявонаўна. – І заўсёды мне іх дэманструе. Раней страхаваў свайго ўнука, маёмасць, жывёлу, а цяпер толькі маёмасць. А ўвогуле, вяскоўцы страхуюць сваё жыллё ад пажараў, ад маланкі, ад крадзяжу. Многія афармляюць страхоўку ад няшчасных выпадкаў на сваіх дзяцей і ўнукаў. Калі чалавек адразу не можа выплаціць усю суму, дзелім яе на некалькі плацяжоў, каб кліенту было зручней.
Да сваіх страхавальнікаў Данута Лявонаўна стараецца трапіць тады, калі ім зручна: вечарам, пасля працоўнага дня, у выхадныя. А ў свой свабодны час, калі пачынаецца дачны сезон, спяшаецца на дачны ўчастак у Навасёлкі.
У Дануты Лявонаўны і яе мужа – двое дарослых дзяцей і трое ўнукаў. Усе яны самыя жаданыя госці ў іх доме.
Юлія Баляславаўна Андрыясава працуе ў прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Шчучынскім раёне другі год. Нягледзячы на тое, што ў параўнанні са сваёй калегай, яна робіць толькі першыя крокі ў гэтай прафесіі, аднак даволі паспяхова.
– Вельмі ўдзячна свайму калектыву за дапамогу і падтрымку, – гаворыць Юлія Баляславаўна. – Калі я ўладкавалася сюды на работу, трэба было разабрацца ва ўсіх нюансах новай прафесіі. Мае калегі мяне ўсяму і навучылі.
Юлія Баляславаўна працуе ў населеных пунктах Орлеўскага і Мажэйкаўскага сельсаветаў. Таксама ўжо добра ведае сваіх страхавальнікаў.
– Людзі ўсе розныя і да кожнага трэба знайсці індывідуальны падыход, – упэўнена страхавы агент. – Акрамя гэтага, трэба заслужыць іх давер. Тады і працаваць проста, і агульную мову знаходзіць. І ў тых населеных пунктах, дзе я працую, вяскоўцы часцей за ўсё страхуюць маёмасць, нерухомасць, страхуюць сябе ад няшчасных выпадкаў.
Для работы з кліентамі Юлія Баляславаўна распрацавала свой графік. У выхадныя і па вечарах яна стараецца бываць дома, са сваёй сям’ёй – яны з мужам выхоўваюць дзвюх дачушак. А для сустрэч са страхавальнікамі знаходзіць іншы час.
– У адрас Дануты Лявонаўны і Юліі Баляславаўны магу сказаць толькі самыя шчырыя словы ўдзячнасці за працу, за іх адказны і прафесійны падыход да справы, – гаворыць намеснік дырэктара прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Шчучынскім раёне Ганна Станіславаўна Чорная. – Разам з тым, хачу адзначыць, што страхавыя паслугі насельніцтву ў нашым раёне аказваюць 22 страхавыя агенты, чацвёра з іх працуюць у Шчучыне. І кожны з іх – прафесіянал у сваёй справе. Напрыклад, сёлета аб’яўлена Падзяка філіяла Белдзяржстраху па Гродзенскай вобласці страхавому агенту Тарэсе Эдвардаўне Паўлавай, а Ганаровай граматай узнагароджана страхавы агент Галіна Сямёнаўна Рымко. У Дзень страхавых работнікаў усім прадстаўнікам гэтай прафесіі жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, шчаслівых і радасных момантаў. А нашы страхавальнікі няхай ніколі не ведаюць бед і няшчасцяў і адчуваюць нашу падтрымку.
Супрацоўнікі Белдзяржстраху дапамагаюць людзям справіцца са складанымі жыццёвымі сітуацыямі. У гэтым і заключаецца іх галоўная місія.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!