На гадзінніку – “Дзянніца”!
Раённая газета была і застаецца крыніцай інфармацыі для жыхароў Шчучыншчыны. Сярод вялікай колькасці перыядычных выданняў яна па-ранейшаму займае пачэснае месца, таму што бліжэй за астатнія да свайго чытача. Сувязным звяном паміж газетай і чытачом з’яўляюцца паштальёны: людзі, якія штодзень, нягледзячы на надвор’е, спяшаюцца зайсці з навінамі – чарговым выпускам газеты – у кожны дом.
Шчучынская раённая газета “Дзянніца” на чале з галоўным рэдактарам С.Г. Касперчуком напрыканцы мінулага года аб’явіла конкурс сярод паштальёнаў. Пераможцы былі вызначаны падчас справаздачнага пасяджэння Шчучынскага РВПС.
Сярод сельскіх паштальёнаў на першае паўгоддзе 2020 года падпіску на 185 экзэмпляраў “Дзянніцы” аформіла вадзіцель-паштальён Галіна Уладзіславаўна Балтрукевіч (зона абслугоўвання Руткевічы). На рахунку Алены Чаславаўны Анюскевіч (зона абслугоўвання Новы Двор) – 87 экзэмпляраў газеты. Добра папрацавала і паштальён аддзялення паштовай сувязі №3 г. Шчучына Святлана Іванаўна Цыкунова. Яна аформіла падпіску для 158 адданых чытачоў.
– Прыемна, што кожны шосты жыхар раёна атрымлівае нашу раёнку, – звярнуўся да супрацоўнікаў пошты Сяргей Генадзьевіч Каспярчук. – За гэта мы вельмі ўдзячныя нашым паважаным падпісчыкам і паштальёнам, якія своечасова дастаўляюць чытачам “Дзянніцу”. Разам мы робім добрую справу на карысць раёна – з першых вуснаў распавядаем пра падзеі, якія адбываюцца на Шчучыншчыне, пра лёсы землякоў, працоўныя подзвігі і дасягненні.
Паштальёны атрымалі з рук галоўнага рэдактара памятныя падарункі – эксклюзіўныя гадзіннікі з лагатыпам раённага выдання, дызайн якіх быў распрацаваны сумесна з мінскім заводам гадзіннікаў “Луч”. Цяпер час яны будуць звяраць па “Дзянніцы”!
Дарэчы, гэта не адзіныя ўзнагароды на рахунку раённага вузла паштовай сувязі. Па выніках працы за мінулы год Шчучынскі РВПС за дасягненне лепшых рэзультатаў вытворча-гаспадарчай дзейнасці прызнаны лепшым у абласным спаборніцтве сярод калектываў трэцяй групы! Начальнік раённага вузла паштовай сувязі А.С. Земская павіншавала калег з гэтай падзеяй і падзякавала за іх плённую працу. Лепшыя з лепшых атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.