На асфальтабетонным заводзе ДРБУ-161 расказалі, па якой тэхналогіі выпускаецца шчучынскі асфальт

Асфальтабетонны завод ДРБУ-161 у бягучым сезоне пачаў працаваць адным з першых у вобласці: тут ужо выпусцілі звыш тысячы тон асфальту, які шчучынскія дарожнікі выкарысталі для ўкладкі чарнавога выраўняльнага слоя на ўчастку дарогі Шынкаўцы-Вострава даўжынёй 2,3 кіламетра. 

 

– Зараз чакаем чарговую партыю бітуму ад кампаніі “Нафтан”, – гаворыць прараб асфальтабетоннага завода ДРБУ-161 Станіслаў Міхайлавіч Яхімчык. – А пакуль рыхтуем сыпучую сумесь: здрабняем камяні і прапускаем праз грохат пясок.

 

Проста гучыць гэта толькі на словах, а на справе вытворчы працэс намнога складаней. Прывезенае з кар’ера ў Мікашэвічах і з палёў Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі каменне тут загружаюць у магутны шчокавы здрабняльнік, які здольны расплюшчыць 25-сантыметровыя камяні да шчэбню памерам 4-9 сантыметраў. Потым сыравіну дадаткова “праганяюць” праз конусны здрабняльнік і атрымліваюць шчэбень фракцыі 5-15 міліметраў. Спецыяльны грохат прасявае пясок ад камення – да 60 тон у гадзіну. Ручная праца выключана: спецыялісты сядзяць за пультамі і кантралююць вытворчы працэс. 

 

– Падрыхтаваныя пясок і шчэбень з бункераў падаюцца ў спецыяльны сушыльны барабан, дзе награваюцца да 220-240 градусаў, – знаёміць з тэхналогіяй Станіслаў Міхайлавіч. – Гэта робіцца для таго, каб атрыманая сыпучая сумесь лепш перамешвалася з бітумам. Далей пры дапамозе грохата мы раздзяляем яе па фракцыях і, выкарыстоўваючы вагавы дазатар, змешваем у патрэбных прапорцыях. Затым усё падаецца ў мяшалку, куды таксама дабаўляем разагрэты да тэмпературы 140-160 градусаў бітум: усяго 55(!) секунд – і асфальтавая сумесь гатова. Можам выпускаць яе да 600 тон у дзень. 

 

На асфальтабетонным заводзе ДРБУ-161 налічваецца 6 ёмістасцей для бітуму агульным аб’ёмам 430 тон і яшчэ 3 ёмістасці для мазуты (200 тон). Каб сыравіну можна было разагрэць да неабходнай тэмпературы, унутры усталяваны электрычныя тэны.

 

– Выпушчаная асфальтавая сумесь праходзіць абавязковы кантроль якасці ў нашай лабараторыі, – падкрэслівае лабарант з больш чым трыццацігадовым стажам Святлана Іванаўна Вітовіч. – Бяром кілаграм сумесі і на працягу працоўнай змены выпальваем у муфельнай печы пры тэмпературы 500 градусаў. У выніку ўнутры застаецца толькі пясок. Яго ўзважваем і вылічваем утрыманне бітуму, які выпарыўся. Таксама штодзень адпраўляем фармаваную партыю ў Масты, дзе пры дапамозе спецыяльных прэсаў правяраюцца фізічныя ўласцівасці нашай асфальтавай сумесі. Акрамя таго, праз тры дні пасля асфальтавання той ці іншай дарогі робім “вырубку” памерам 20х20 або 40х40 сантыметраў і перадаём у Гродна: там спецыялісты высвятляюць не толькі склад і таўшчыню новага пакрыцця, але і якасць яго ўкладкі. Таму недакладная работа выключана!

 

Як высветлілася, асфальт асфальту розніца: існуе мноства распрацаваных і зацверджаных падбораў – своеасаблівых “рэцэптаў” прыгатавання. Пры асфальтаванні дарог дзяржаўнага значэння з высокай інтэнсіўнасцю руху выкарыстоўваюць толькі шчыльную сумесь, у той час як на другарадных дарогах чарнавы выраўняльны слой робяць порыстым. Усе гэтыя нюансы ўлічваюцца пры распрацоўцы праекта таго ці іншага будаўнічага аб’екта. Да прыкладу, падчас рамонту жалезабетоннага моста праз раку Нёман ля аграгарадка Орля ў асфальтавую сумесь дабаўлялі рызіну для большай эластычнасці новага дарожнага пакрыцця. 

 

– На сённяшні дзень на нашым асфальтабетонным заводзе назапашана 1300 тон пяску, 3800 тон пясчана-гравійнай сумесі і звыш 1000 тон шчэбню, – зазначае начальнік ДРБУ-161 Мечыслаў Іванавіч Стэльмашок. – Уся гэта сыравіна будзе выкарыстана па прызначэнні. Акрамя дарогі Шынкаўцы-Вострава хутка заасфальтуем дарогі Дзяржшаша-Каменка-Савейкі (3,7 кіламетра) і Малое Мажэйкава-Мураванка (1,5 кіламетра). Таксама прывядзём у парадак 600 метраў вуліцы Кірава ў вёсцы Лычкаўцы. Усяго за год адновім у раёне 14,5 кіламетра дарожнага палатна. Для гэтага задзейнічаем 8 МАЗаў, 2 асфальтаўкладчыкі і 4 каткі. Гэтай тэхнікі дастаткова, каб выканаць заяўлены аб’ём работ. 

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!